Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У МЗС нагадалі, што ў Беларусь нельга ўехаць па замежным пашпарце, калі ёсць таксама беларускае грамадзянства

11.08.2026 09:06
Калі беларускі пашпарт несапраўдны, неабходна звярнуцца ў пасольства ці консульства Беларусі па пасведчанне на вяртанне.
Беларускія пашпартыЗдымак: Беларуская служба Польскага радыё

Грамадзяне Беларусі, якія таксама маюць грамадзянства іншай краіны, могуць уязджаць у Беларусь і выязджаць з яе толькі па беларускім пашпарце. Аб гэтым расказала начальнік упраўлення па пытаннях грамадзянства і выезду за мяжу галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Беларусі Святлана Барысенка.

У МЗС патлумачылі, што паводле беларускага заканадаўства за грамадзянінам Беларусі не прызнаецца прыналежнасць да грамадзянства замежнай дзяржавы. Таму наяўнасць, напрыклад, польскага ці іншага замежнага грамадзянства не вызваляе чалавека ад неабходнасці выкарыстоўваць беларускі пашпарт пры ўездзе ў Беларусь і выездзе з краіны.

Гэта датычыцца і дзяцей, народжаных за мяжой. Калі на момант нараджэння хаця б адзін з яго бацькоў з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, дзіця набывае беларускае грамадзянства па нараджэнні незалежна ад месца нараджэння.

Што рабіць, калі беларускі пашпарт несапраўдны

У МЗС нагадалі, што беларусам, якія знаходзяцца за мяжой і не маюць сапраўднага беларускага пашпарта, неабходна звярнуцца ў пасольства ці консульства Беларусі па пасведчанне на вяртанне.

Такі дакумент можна аформіць, у прыватнасці, калі тэрмін дзеяння пашпарта скончыўся, дакумент стаў непрыдатным для выкарыстання ці быў страчаны.

Пасведчанне на вяртанне дае права на аднаразовы ўезд у Беларусь. Пры гэтым у МЗС асобна падкрэслілі, што выкарыстоўваць такое пасведчанне для выезду з Беларусі нельга.

Крыніца: Мост

нг