Жыхары Ліды (Гродзенская вобласць) далучылася ў выходныя да акцый супраць інтэграцыі з Расіяй. Каля дзесяці маладых людзей мітынгавалі ў цэнтры гораду ўвечары 22 сьнежня.
Удзельнік акцыі Ілля Шаблінскі расказаў Радыё «Свабода», што мітынг пачаўся каля помніка князю Гедыміну, які нядаўна паставілі каля лідскага замка. Маладыя людзі стаялі з бел-чырвона-белымі сцягамі на плячах. Адзін зь іх трымаў плакат «Belarus is not Russia» («Беларусь не Расія»). Потым кампанія перайшла на плошчу Леніна, да галоўнай гарадской ёлкі.
Паводле Іллі, многія людзі рэагавалі пазітыўна, падыходзілі зрабіць сумеснае фота, пыталіся пра сэнс акцыі. Іншыя хваляваліся, што беларусы не здолеюць пражыць без танных расійскіх газу і нафты.
«Мы адказвалі, што не хочам быць Расіяй, што нам неабыякавая нашая незалежнасць... Тлумачылі на прыкладзе Украіны, што там лепей за нас жывуць, нармальна і без Расіі», – кажа Ілля.
Ён адзіны паўналетні сярод усіх удзельнікаў акцыі. Яму 18 гадоў, працуе афіцыянтам. Астатнія – школьнікі і навучэнцы гімназіі, ім па 16-17.
«Нам яшчэ жыць у гэтай краіне. Трэба нешта рабіць. Калі ўсе будуць сядзець дома і маўчаць, як звычайна, абмяркоўваць дома на кухні, то нічога ня зменіцца», – упэўнены Ілля.
Акцыя працягнулася дзве гадзіны. Калі пад’ехала міліцыя, хлопцы сышлі. Нікога з іх не затрымалі.
Акцыі за незалежнасць Беларусі пачаліся 7-8 снежня ў Мінску. Яны прайшлі таксама ў Гродне, Пінску, Оршы. Беларусы замежжа мітынгавалі ў Варшаве, Кракаве, Шчэціне, Львове, Празе, Нью-Ёрку, Таронта, Будапешце.
вс