Гродзенскія пагранічнікі перадухілілі дзве спробы парушэння дзяржаўнай мяжы. У адным з выпадкаў праваахоўнікі ўжылі зброю, паведамляе партал газеты «Звязда».
Раніцай 19 снежня ў Свіслацкім раёне дзяжурнаму па заставе «Рыбалы» паступіў сігнал спрацоўкі аднаго з участкаў сігналізацыйнага комплексу. На месца выехала трывожная група. Паграннарад, выявіўшы сляды на КСП, затрымаў дваіх грамадзян Расіі, якія накіроўваліся ў бок польскай тэрыторыі. У сувязі з невыкананнем законных патрабаванняў праваахоўнікаў, пры затрыманні пагранічнікі былі вымушаныя прымяніць зброю.
У затрыманых грамадзян Расіі 1985 і 1986 гадоў нараджэння былі канфіскаваныя смартфоны з пракладзенымі маршрутамі ў Польшчу, компас, два паляўнічыя нажы, ліхтар, грошы і пашпарты. Са слоў «падарожнікаў», яны накіроўваліся ў Францыю за лепшым жыццём, а парушэнне закона патлумачылі адсутнасцю шэнгенскіх візаў.
Другі інцыдэнт адбыўся 21 снежня ў Гродзенскім раёне на ўчастку пагранзаставы «Брузгі». Паводле аператыўнай інфармацыі пагранічнікі затрымалі 38-гадовага грамадзяніна Расіі, які адважыўся парушыць мяжу ў пошуках лепшых умоў для жыцця ў краінах ЕС. У яго былі канфіскаваныя два смартфоны, абцугі, кусачкі, нож, газавая гарэлка і зменныя рэчы.
У дачыненні да затрыманых распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння мяжы і парушэнне памежнага рэжыму. Усім тром пагражае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь да 5 гадоў.
вс