ААТ «Гомельтранснафта Дружба» цягам 2020 году пабудуе ўласную сістэму вымярэння паказнікаў якасці нафты на ўчастку нафтаправоду «Унеча-Мазыр», паведаміў карпаратыўнаму выданню «Нафтавая магістраль» першы намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Андрэй Вярыга, інфармуе „Свабода”.
«Канцэрн „Белнафтахім“ падтрымаў нашую прапанову аб будаўніцтве на беларускім участку магістральнага нафтаправоду „Дружба“ сістэмы вымярэння колькасці і паказнкіаў якасці нафты. На працягу наступнага году будзе рэалізаваны першы этап праекту ўстаноўкі сістэмы дзеля прыёму нафты з Расіі, гэта 106-ы км трасы нафтаправоду „Унеча-Мазыр“», — адзначыў Андрэй Вярыга.
Раней намеснік старшыні «Белнафтахіму» Уладзімер Сізоў гэтаксама казаў пра такую ініцыятыву. Па яго словах, адпаведнае рашэнне будзе прымаць непасрэдна канцэрн, для гэтага не патрабуецца рашэнне ўраду.
Пасля скандалу з пастаўкамі «бруднай нафты» сёлета ў красавіку Беларусь прыняла рашэнне аб стварэнні ўласнай сістэмы ацэнкі якасці расійскай сыравіны. Ад 1 жніўня кантроль ажыццяўляецца на бліжэйшай да мяжы з Расіяй нафтаперапамповачнай станцыі «Гомель» на нафтаправодзе «Дружба».
Андрэй Вярыга падкрэсліў, што стварэнне ўласнай станцыі дасць дадатковую гарантыю бяспекі, кантролю колькасці і якасці імпартаванай нафты.
аз