Беларуская Служба

У бліжэйшыя выходныя Беларусь наведае дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа

30.12.2019 15:32
Дзяржаўны сакратар сустрэнецца з прэзідэнтам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Макеем, каб падкрэсліць прыхільнасць ЗША суверэннай, незалежнай і стабільнай Беларусі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnepixabay.com/CC0 Public Domain

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампеа 4 студзеня наведае Мінск, гаворыцца ў апублікаванай 30 снежня заяве прэс-сакратара Дзярждэпартамента Морган Артагус - паведамляе БелаПАН.

«4 студзеня ў Мінску дзяржаўны сакратар сустрэнецца з прэзідэнтам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Макеем, каб падкрэсліць прыхільнасць ЗША суверэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі і пацвердзіць наша імкненне нармалізаваць адносіны і прасунуць іх наперад», – сказала яна.

Па словах Артагус, візіт у Мінск стане часткай паездкі Пампеа па рэгіёне. З 3 па 7 студзеня ён наведае таксама Украіну, Казахстан, Узбекістан ды Кіпр.

3 студзеня Пампеа будзе ў Кіеве, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім ды іншымі афіцыйнымі асобамі, затым прыедзе ў Мінск. З Беларусі Пампея адправіцца ў Казахстан, затым у Узбекістан і Кіпр.

17 і 18 верасня Мінск наведаў намеснік дзяржсакратара ЗША Дэвід Хейлі. На сустрэчы з Лукашэнкам ён паведаміў, што бакі прынялі рашэнне аб аднаўленні дыпламатычнага прадстаўніцтва на ўзроўні амбасадараў.

Раней, 29 жніўня, візіт у беларускую сталіцу нанёс дарадца прэзідэнта ЗША Джон Болтан.

Візіт Пампеа пройдзе на фоне перамоваў Мінска і Масквы аб паглыбленні беларуска-расійскай інтэграцыі.

нг