У Беларусі працягваюцца суды над удзельнікамі пратэстаў і над тымі, чые паводзіны не спадабаліся ўладам. 7 лістапада беларуску са Швайцарыі асудзілі за сарваную з сілавіка балаклаву на 2 гады і 6 месяцаў калоніі, двое выкладчыкаў БДУІР Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Анжэлу Гайдучык і Сяргея Стахоўскага прысудзілі да 12 сутак арышту; 25-гадоваму Івану Артусу далі 2 гады абмежаваньня волі за каментар пад відэа з экс-намесьнікам міністра ўнутраных справаў Барсуковым.
Віцяблянка Ала Рошчынская 13 лістапада прыйшла да кафедральнага касцёлу Езуса Міласэрнага ў Віцебску, каб памаліцца за супакой душы забітага Рамана Бандарэнкі. Усклала кветкі да крыжу, запаліла лампадку, разам з іншымі стала ў ланцуг памяці. 7 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў яе за гэта 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Жанчыну затрымалі адразу па сканчэнні працэсу.
- Гэта была даніна памяці і павагі аб нявінна забітым чалавеку, - сказала яна.
Рэлігійныя каноны, а я каталічка, прадпісваюць мне маліцца за спачын душы нявінна забітага чалавека.
Пасля прагляду відэадоказаў і апытання сведкі – супрацоўніка Першамайскага РАУС Станіслава Юрава, суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў верніцу вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск