Суд Фрунзенскага раёна прысудзіў мінчан Дзяніса Граханава, Ігара Самусенку і Уладзіслава Гуліса да тэрмінаў да двух гадоў калоніі за надпіс «Не забудземся», які яны пакінулі ў ноч на 9 верасня на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага, паведамляе «Медиазона».
У прыватнасці, Самусенка і Граханаў атрымалі па паўтара года «хіміі», або абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, а Гуліс – два гады калоніі строгага рэжыму.
Ноччу 9 верасня, па версіі абвінавачвання, кожны з траіх падсудных «у групе асобаў» нанёс на тратуар «цынічны надпіс, які абражае пачуцці грамадзян, дэманструе пагарду маральным каштоўнасцям, накіравана на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і маральнасці».
Першапачаткова абвінавачаным ставіліся ў віну два артыкулы: частка 2 артыкула 339 КК і частка 2 артыкула 218 КК. Ад апошняга абвінавачвання пазней адмовіліся.
Абвінавачаныя прызналі віну часткова. Яны пагадзіліся, што пісалі «Не забудземся», але не лічаць гэты надпіс цынічным.
У дзень вынясення прысуду, 8 снежня, абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.
У гэты ж дзень суд Фрунзенскага раёна вынес першы прысуд па тым жа артыкуле за такую ж надпіс, толькі з памылкай: «Не забубем». Максіму Паўлюшчыку далі два гады калоніі агульнага рэжыму, Марыі Бабовіч – паўтара гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.