Рашэннем Гродзенскага эканамічнага суда з дзіцячым госпісам імя святога Губерта анулявана дамова арэнды. Госпіс больш ня мае месца, дзе хворыя дзеці разам з валанцёрамі шылі медыцынскія маскі і ахоўныя касцюмы для медыкаў.
Шмат хто з гродзенцаў ужо не ставіць пад сумнеў, што памяшканне ў госпіса забралі з прычыны таго, што яго дырэктарка Вольга Вялічка падчас выбарчай кампаніі пайшла працаваць у каманду Бабарыкі.
Сама яна зараз з сям’ёй знаходзіцца ў Вільні, бо супраць яе ўзбуджана крымінальная справа.
Да 23 студзеня з госпісам дзейнічае яшчэ арэнда памяшкання з дзіцячай паліклінікай. Але і там паведамілі, што працягваць яе не будуць.
Паліятыўныя паслугі невылечна хворым дзецям госпіс працягвае аказваць у памяшканнях, якія ім бясплатна прадаставіла праваслаўная царква.
Адна з супрацоўніц творчай майстэрні для заняткаў з дзеткамі-інвалідамі кажа, што месца пры царкве для таго, каб разам з дзецьмі шыць альбо рабіць паробкі – няма.
«Там толькі спецыялісты, дзеткі і іх бацькі – там у іх вельмі шмат працы. Ды мы нават і не думалі, што будзем там праводзіць нейкія заняткі».
Рашэнне суда ўступіць у сілу праз 15 дзён. Пакуль невядома ці будуць яго абскарджваць.
Алесь Завіноўскі, Гродна