Літва, Латвія і Эстонія распрацавалі новы пакет нацыянальных і рэгіянальных санкцый супраць беларускага рэжыму. 25 сакавіка будзе абнародаваны «чорны спіс», у які ўвайшлі яшчэ 118 прыхільнікаў рэжыму. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Літвы па выніках сустрэчы Гітанаса Наўседы са Святланай Ціханоўскай.
У гонар беларускага Дня Волі Наўседа быў са значком, дзе спалучаныя колеры літоўскага дзяржаўнага сцяга і беларускага бел-чырвона-белага.
Падчас сустрэчы Наўседа і Ціханоўская абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, планы Каардынацыйнай Рады і ўвядзенне новых санкцый супраць беларускага рэжыму.
Наўседа запэўніў, што Літва разам з краінамі Еўрапейскага Звязу працягне працу па вызваленні палітвязняў, спыненні рэпрэсій і правядзенні дэмакратычных выбараў. Санкцыі скіраваныя найперш на вызваленне палітычных зняволеных.
Нагадаем, пасля жнівеньскіх выбараў 2020 года Еўразвяз увёў тры пакеты санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і прапагандыстаў. Акрамя таго, краіны Балтыі ўвялі нацыянальныя «чорныя спісы», значна шырэйшыя за адпаведныя спісы ЕЗ.
euroradio/эж