29 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска прайшоў суд над дзвюма дзеўчынамі – Марыяй Амасовіч і Лізаветай Кірыенкай. Іх затрымалі 26 красавіка каля Уваскрэсенскага храма, калі дзяўчыны запалілі дзве агніцы чырвонага колеру.
Міліцыянты палічылі, што запальваннем агніц дзяўчыны выказалі свае грамадска-палітычныя інтарэсы, парушыўшы артыкул 24.23 КААП. Марыя Амасовіч і Лізавета Кірыенка сваёй віны не прызналі. Да святыні яны прыйшлі ўшанаваць памяць ахвяр аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адвакатка Лізаветы Кірыенкі таксама адзначыла, што дзяўчыны прыйшлі да храма не дзеля нейкіх масавых беспарадкаў ці пікетавання, а ўшанаваць памяць ахвяр аварыі. Аднак суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў інакш і прысудзіў Лізавеце Кірыенцы 10 сутак арышту, а Марыі Амасовіч 20 сутак.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск