Беларуская Служба

У маскоўскім тэатры сарвалі прэм’еру спектаклю «Суседзі» пра падзеі ў Беларусі

02.05.2021 08:12
Акторы паспрабавалі працягнуць спектакль на вуліцы, аднак паліцыя папярэдзіла іх, што яны будуць затрыманыя.
Афіша спектаклюКрыніца: teatr.doc

У маскоўскім «Театр. doc» увечары 1 траўня сарвалі прэм’еру спектаклю рэжысёра Сяргея Гіндзіліса «Суседзі», прысвечанага падзеям жніўня 2020 году ў Беларусі. Пра гэта паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода ў Маскве.

Прыкладна праз паўгадзіны пасля пачатку спектаклю ў залю ўвайшлі супрацоўнікі паліцыі, перапыніўшы актораў, і паведамілі гледачам, што паступіў сігнал аб закладзенай у памяшканні бомбе. Усе былі вымушаныя пакінуць залю.

Акторы паспрабавалі працягнуць спектакль на вуліцы, аднак паліцыя папярэдзіла іх, што яны будуць затрыманыя.

«Разам з мэдыяпраектам «Жнівень 2020″ мы сабралі гісторыі тых, хто пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў пасля выбараў у Беларусі. Лекар, студэнтка, эмігрант, які вярнуўся ў гэтыя дні на радзіму, прадусар, актрыса, прыёмшчыца грузаў на Менскім вакзале распавядаюць пра тое, што ім давялося перажыць летам 2020 году.

У спектаклі, створаным у тэхніцы headphone verbatim (даслоўны пераказ у слухаўках) мы глядзім на беларускія падзеі вачамі іх непасрэдных удзельнікаў. Актор чуе ў слухаўках голас героя і прайграе яго ў рэальным часе, што дазваляе забяспечыць максімальную ступень дакладнасці перадачы прамовы і інтанацыі »донара«. Форма такога спектаклю мае на ўвазе адкрытасць і няспыннае дапаўненне новымі матэрыяламі».

эж