У офіс кампаніі «Белагра» раніцай 29 верасня прыйшлі сілавікі, некаторых супрацоўнікаў затрымалі. Пра гэта Zerkalo.io напісалі некалькі чытачоў, такую ж інфармацыю апублікавалі тэлеграм-каналы, блізкія да сілавікоў.
У «Белагра» працуе Дзмітрый Семчанка – журналіст і былы кіраўнік «прэзідэнцкага пулу», якога раней затрымаў ГУБАЗіК.
Як расказалі выданню супрацоўнікі «Белагра», у офіс кампаніі сілавікі прыйшлі каля 9-й раніцы. Кіраўніцтва затрымалі адразу ж, у астатніх супрацоўнікаў пачалі правяраць тэлефоны. Падпісаных на так званыя «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы затрымлівалі.
Дакладнай прычыны супрацоўнікі «Белагра» не ведаюць. На іх думку, візіт сілавікоў можа быць звязаны з падтрымкай кіраўніцтвам і супрацоўнікамі пратэсту ў 2020 годзе. Фармальная прычына, якую назвалі работнікам кампаніі – «нявыплата падаткаў».
Начальнікам піяр-службы «Белагра» з'яўляецца былы кіраўнік прэзідэнцкага пулу журналістаў, экс-супрацоўнік тэлеканала АНТ Дзьмітры Семчанка. 16 верасня яго арыштавалі на 15 дзён паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).
У верасні 2020 году Семчанку ўжо арыштоўвалі на 15 сутак. Пасля прэзідэнцкіх выбараў ён звольніўся з тэлеканала, дзе прапрацаваў 11 гадоў, на знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненні да нязгодных з афіцыйнымі вынікамі галасавання.
Кампанія «Белагра» займаецца экспартнымі пастаўкамі сельскагаспадарчай тэхнікі і камплектных частак ад беларускіх вытворцаў. У яе 47 філіялаў у Беларусі, Расеі, Казахстане і Украіне.
эж