Беларуская Служба

Лукашэнка павіншаваў народ Латвіі і прайшоўся па кіраўніцтве краіны

18.11.2022 09:15
Аляксандр ЛукашэнкаАўтар: Okras - Уласны твор, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=34558726

Латвія адзначае Дзень абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі. Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне. Ён звярнуўся да народа Латвіі, не забыўшыся выказаць прэтэнзіі кіраўніцтву краіны.

Лукашэнка запэўніў латышоў, што Беларусь «застаецца міралюбівай дзяржавай, прыхільніцай дыялогу і агульнай бяспекі ў рэгіёне».

«Мы ніколі не выступалі ініцыятарам вайсковага канфлікту і заўсёды з прыязнасцю і павагай ставіліся да суседзяў. Многія з вас змаглі пераканацца ў гэтым, наведваючы нашу краіну ва ўмовах бязвізавага рэжыму», – гаворыцца ў віншаванні.

Ён са шкадаваннем адзначыў, што «ўсё больш жыхароў Латвіі адчуваюць, што іх палітыкі працуюць не на карысць людзей і пазіраюць на замежных дарадцаў».

«Распальваючы абстаноўку, яны сцягнулі ў Прыбалтыку сілы і ўзбраенне, пабудавалі сцены, падштурхнулі вашу краіну да эканамічнай катастрофы. Упэўнены, што нашы шматвяковыя сувязі з'яўляюцца той надзейнай асновай, на якой, нягледзячы на ўсе цяжкасці, будуць адноўлены ўзаемавыгадныя прыязныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Латвійскай Рэспублікай. Нас не падзеляць ні штучны плот з калючым дротам, ні злачынная барацьба часовых латвійскіх кіраўнікоў з дзяржаўнымі сімваламі, гісторыяй і помнікамі продкаў!» – заявіў Лукашэнка.

Zerkalo.io звяртае ўвагу, што віншаваць народы з дзяржаўнымі святамі Лукашэнка стаў з нядаўняга часу. Ён робіць гэта ў тым выпадку, калі лічыць кіраўніцтва гэтых краін несяброўскімі ў адносінах да Беларусі.

Да прыкладу, 24 жніўня, у Дзень незалежнасці Украіны ён таксама віншаваў украінскі народ, якому пажадаў «мірнага неба, талерантнасці, мужнасці, сілы і поспехаў у аднаўленні дастойнага жыцця». Украінцы ўспрынялі гэта як здзек.

11 лістапада ён віншаваў народ Польшчы, не забыўшыся згадаць памежныя сцены з калючым дротам і грубыя памылкі адыёзных польскіх палітыкаў.

А вось 12 чэрвеня з днём Расіі ён павіншаваў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, прэмʼер-міністра РФ Міхаіла Мішусціна, старшыню Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Валянціну Мацвіенку, старшыню Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Вячаслава Валодзіна, але абышоўся без віншаванняў народа Расіі.

ав/zerkalo.io