Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, верагодна, накіраваны на тое, каб дапамагчы Расіі і КНР абысці заходнія санкцыі, лічаць у амерыканскім Інстытуце ваенных даследаванняў (ISW).
У чарговым дакладзе інстытута гаворыцца, што планы заключэння кітайска-беларускіх пагадненняў аб гандлі, інвестыцыях і маштабных сумесных праектах могуць быць непасрэдна звязаныя з верагоднай пастаўкай Пекінам зброі Расіі, паведамляе «Наша Ніва».
«Абвяшчэнне Лукашэнкі аб яго запланаваным візіце супадае з паведамленнямі CNN і The Washington Post аб тым, што, паводле інфармацыі амерыканскіх уладаў, Кітай сур'ёзна разглядае магчымасць продажу Расіі баявых беспілотнікаў, зброі і 122-мм і 152-мм артылерыйскіх снарадаў», – пішуць аўтары даклада.
«Верагодна, расійскія і кітайскія чыноўнікі распрацавалі план дастаўкі беспілотнікаў у Расію па падробленых таварасуправаджальных дакументах, каб пазбегнуць міжнародных санкцый. Кітай можа паспрабаваць выкарыстоўваць пагадненні з Беларуссю, каб схаваць парушэнне санкцыйнага рэжыму», – лічаць у Інстытуце ваенных даследаванняў.
Візіт Лукашэнкі ў Кітайскую Народную Рэспубліку запланаваны на даты з 28 лютага па 2 сакавіка.
аз