У Беларусі збіраюцца да 9 мая «аднавіць усе дарогі». У панядзелак такую задачу паставіў ураду Аляксандр Лукашэнка. «У вас сакавік-красавік... Перадайце асабіста прэм'ер-міністру, хай пачынае займацца разам з віцэ-прэмʼерам», – цытуе яго словы падчас кадравых прызначэнняў прэс-служба.
Дыктатар Лукашэнка запатрабаваў, каб дарогі аднаўлялі якасна і каб за гэтым быў кантроль. Але гэта ён робіць не першы раз. У новым годзе засталіся старыя праблемы.
Праблема стану дарог актуальная для ўсёй краіны. Грошай на іх рамонт не хапае, а атрымаць іх з Захаду з-за санкцый ужо немагчыма. Дарожнікі сцвярджаюць, што гэтай зімой «абʼём ямачнасці» ў Мінску паменшыўся ўдвая, а вось на дарогах Гомельскай вобласці – «неспрыяльная дарожная абстаноўка» і «крытычная ямачнасць». Нядаўна ў Гомелі раней за тэрмін запусцілі завод для рамонту дарог, паведамляе «Еўрарадыё».