Беларуская Служба

«Гэта не акт дабрыні, а чарговы інструмент рэпрэсій»: як беларускія ўлады высылаюць палітвязняў з краіны

02.07.2025 14:10
Дэпартацыі ў Беларусі сёння – гэта частка палітычнай сістэмы, якая выкарыстоўвае выдаленне «непажаданых» асоб як сродак кантролю і рэпрэсій.
Беларуская мяжаФота: gpk.gov.by

Пасля вызвалення з беларускіх турмаў палітвязні па памілаванні ўсё часцей апынаюцца не дома, а за мяжой – прымусова вывезеныя з мяхамі на галовах пад наглядам сілавікоў. Так па памілаванні з краіны былі дэпартаваныя ўжо восем беларусаў, якія не маюць другога грамадзянства (Алег Груздзіловіч, Андрэй Кузнечык і Алена Маўшук, Сяргей Ціханоўскі, Наталля Дуліна, Ігар Карней, Кірыл Балахонаў, Сяргей Шэлег). Самі палітвязні ў сваіх інтэрв'ю падкрэсліваюць, што іх дэпартавалі з краіны без права выбару.

Гэта новым інструмент палітычнага ціску, які супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным актам, лічыць праваабаронцам «Вясны» Павел Сапелка.

Вываз з краіны палітвязняў адбываецца без афіцыйнай пастановы суда ці іншага органа аб дэпартацыі. Супрацоўнікі КДБ садзяць у аўтамабіль ці аўтобус і вязуць да мяжы Літвы. Фармальна гэта не афармляецца як дэпартацыя, але фактычна – гэта яна.

Павел Сапелка нагадвае, што ў гісторыі Савецкага Саюза і Беларусі ў яго складзе дэпартацыі былі шырока распаўсюджанай практыкай дзяржаўнай палітыкі. У савецкі час дэпартавалі розныя этнічныя групы і асоб, якіх лічылі палітычна небяспечнымі або «непажаданымі».

«У сучаснай Беларусі, асабліва ў XXI стагоддзі, назіраецца новая хваля дэпартацый, аднак ужо ў іншым кантэксце – не этнічныя групы, а палітычныя, якія ўлады лічаць »непажаданымі». Гэта не адзінкавыя выпадкі, а сістэмная практыка выдалення ўласных грамадзянаў.

Дэпартацыі ў Беларусі сёння – гэта частка палітычнай сістэмы, якая выкарыстоўвае выдаленне »непажаданых« асоб як сродак кантролю і рэпрэсій. Гэта працяг гістарычнай традыцыі, але ў новых умовах і з новымі мэтамі», – кажа праваабаронца.

Павел Сапелка адзначае, што такое «вызваленне пад умовай выезду» зʼяўляецца не актам гуманнасці, а інструментам палітычнага ціску. Праваабаронца «Вясны» падкрэслівае, што гэта зʼяўляецца комплекснай формай палітычнага пераследу:

«Мы гаворым пра вымушаную дэпартацыю, якая суправаджаецца шантажом, псіхалагічным ціскам і пагрозамі. У праваабарончай практыцы гэта можа разглядацца як выгнанне пад прымусам – з адсутнасцю вольнага выбару заставацца на Радзіме. Такая практыка цалкам укладваецца ў азначэнне палітычнага пераследу».

З пункту гледжання Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда (арт. 7, ч.1, д), прымусовае высяленне або дэпартацыя насельніцтва, калі яно ажыццяўляецца ў рамках шырокамаштабнай або сістэматычнай атакі на грамадзянскіх асоб, кваліфікуецца як злачынства супраць чалавечнасці. Прымусовая высылка палітвязняў, без права вярнуцца, з’яўляецца сур’ёзным парушэннем міжнароднага гуманітарнага права і можа разглядацца як частка такой атакі з боку рэжыму супраць уласнага народу, адзначае праваабаронца.

аз

Сяргей Ціханоўскі збірае каманду

01.07.2025 10:19
«Я планую натхніць і матываваць беларусаў за мяжой і ў самой Беларусі і ўжо праз тры тыдні нанесці моцны ўдар па лукашызме і яго прапагандзе. І вы ўсе ўбачыце вынік».