Беларуская Служба

Лукашэнка настойліва запрашае ў Беларусь прэм’ер-міністра Індыі

04.11.2025 12:44
Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся 4 лістапада ў Мінску з амбасадарам Індыі Асокам Кумарам, чарговы раз запрасіў у Беларусь індыйскага прэм’ер-міністра Нарэндру Модзі.
Narendra Modi.
Narendra Modi.Photo: Prime Minister's Office (GODL-India), GODL-India , via Wikimedia Commons

«Былі б радыя вітаць у Беларусі прэм’ер-міністра Модзі. Мы заўсёды гатовыя яго прымаць, чакаем яго ў Беларусі. Гэтак жа, як і ўвесь беларускі народ, — прыводзіць цытату прэс-службы «Позірк». — Я ўпэўнены, што беларусы хацелі б убачыць тут прэм’ер-міністра — вельмі дасведчанага, пісьменнага і дужа ўплывовага чалавека».

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, асабіста ў яго склаліся «вельмі добрыя і цёплыя» стасункі з кіраўніком індыйскага ўрада: «Мы пастаянна з ім маем зносіны на міжнародных пляцоўках, як гэта было апошнім часам у Кітаі на пасяджэннях ШАС».

«Мы гатовыя з вамі працаваць пад вашым старшынствам у БРІКС і гатовыя зрабіць усё неабходнае для таго, каб ваша старшынства было паспяховым, – запэўніў спікер дыпламата. – Мы ўдзячныя вам за тую дапамогу і падтрымку, якую вы аказалі нам пры ўступленні ў ШАС, а таксама за партнёрства ў БРІКС. Мы з задавальненнем абапіраемся на вашу дапамогу і падтрымку. І вы ніколі нам у гэтай дапамозе і падтрымцы не адмаўлялі».

Сярод іншага Лукашэнка заявіў Кумару, што цяперашнія паўмільярда долараў узаемнага тавараабароту – «гэта амаль нішто», і, на яго думку, «цалкам рэальна і дасягальна» давесці гэты паказчык да 2–3 млрд.

Віншуючы 15 жніўня індыйскае кіраўніцтва з Днём незалежнасці іх краіны, Лукашэнка чарговы раз прапанаваў прэзідэнту Індыі Драўпадзі Мурму і прэм’еру Модзі «наведаць Мінск у зручны час» – для «знаёмства з патэнцыялам Беларусі ў розных сферах і вызначэння перспектыўных напрамкаў міжнароднай супрацы».

Пра «рашучасць вывесці двухбаковы дыялог» з Нью-Дэлі на «ўзровень стратэгічнага партнёрства» Лукашэнка заяўляў 10 чэрвеня 2024 года, віншуючы Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах.

У жніўні 2023 года, віншуючы Модзі з Днём незалежнасці, Лукашэнка чарговы раз абнавіў запрашэнне наведаць Беларусь.

У 2017 годзе Лукашэнка наведваў Дэлі і на сустрэчы з Модзі запрасіў «найбліжэйшым часам» прыехаць у Беларусь, каб вывесці стасункі на новы ўзровень.

Але запрашэнні, відаць, пакуль не былі прынятыя.

Паводле даных амбасады Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн, на індыйскія пастаўкі – 190,8 млн (даныя пра гандаль за 2022–2024 гады не прыводзяцца).

Беларусь накіроўвала ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы ды інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання ды іншыя тавары.

вх