Беларускае грамадзянства прадаставілі 224 замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, піша «Пул первого». Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 18 лістапада.
Новымі грамадзянамі Беларусі сталі выхадцы з 17 дзяржаваў. Сярод іх – Арменія, Егіпет, Казахстан, Латвія, Малдова, Расія, Турцыя, Узбекістан. Большасць прыбыла з Украіны.
Асобы, якія атрымалі беларускае грамадзянства, занятыя ў розных сферах эканомікі, гаворыць прэс-служба Лукашэнкі. Сярод іх супрацоўнікі галінаў адукацыі, абслугоўвання, работнікі аграпрамысловага комплексу, будаўнічай галіны, прадстаўнікі іншых прафесій.
Акрамя таго, у ліку новых грамадзян Беларусі – доктар і кандыдат навук, якія выкладаюць у адной з галоўных беларускіх ВНУ.
Адначасова Лукашэнка адхіліў шэраг заяў аб прыёме ў грамадзянства ад асобаў, якія парушалі законы Беларусі, гаворыцца ў паведамленні.
Раней Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра тое, што запросіць у краіну пакістанцаў, каб запоўніць недахоп працоўнай сілы. Ускосна дэфіцыт працоўных рук прызнавала i Міністэрства працы Беларусі, нагадвае «Свабода».
Пасля пратэстаў 2020 года і палітычнага пераследу, які не спыняецца і ў канцы 2025 года, Беларусь пакінулі многія грамадзяне краіны. Дакладнай колькасці не ведае ніхто, розныя даследнікі-сацыёлагі паведамляюць розныя лічбы, ад некалькіх тысячаў да мільёна чалавек.
Сёлета Лукашэнка ў ліпені ўжо падпісваў указ, дзякуючы якому беларускае грамадзянства далі амаль тром сотням замежнікаў.
аз