Беларуская Служба

ISW: Крэмль на завяршальнай стадыі намаганняў па далучэнні Беларусі праз структуру СД

24.11.2025 12:00
Такім чынам аналітыкі адрэагавалі на апублікаванае 23 лістапада паведамленне Міністэрства замежных спраў Расіі.
Беларуская мяжаФото: spring96.org

Крэмль знаходзіцца «на завяршальнай стадыі шматгадовых стратэгічных намаганняў па фактычным далучэнні Беларусі праз структуру Саюзнай дзяржавы» і імкнецца «паўтарыць гэты падыход у дачыненні да іншых поставецкіх рэспублік», гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), якую цытуе «Позірк».

Такім чынам аналітыкі адрэагавалі на апублікаванае 23 лістапада паведамленне Міністэрства замежных спраў Расіі. У ім знешнепалітычнае ведамства заявіла, што расійска-беларускія стасункі могуць служыць «мадэллю» для міждзяржаўнай супрацы, а двухбаковае ўзаемадзеянне ў рамках СД – «эталонам» для іншых інтэграцыйных аб’яднанняў у Еўразіі.

Акрамя таго, у паведамленні, дзе анансуецца прыезд у Маскву кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова 24–25 лістапада, гаворыцца пра планы абмеркаваць пытанні «ўзаемадзеяння па сумесным выкарыстанні інструментарыя «мяккай сілы», прасоўванні традыцыйных каштоўнасцей і зберажэнні гістарычнай памяці».

МЗС РФ таксама згадвае, што «ва ўмовах развязанай «калектыўным Захадам санкцыйнай вайны» Расія і Беларусь робяць сумесныя крокі па «процідзеянні аднабаковым рэстрыкцыям і ўмацаванні фінансавага і тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы, развіваюць прамысловую кааперацыю, паспяхова рэалізуюць праграмы па імпартазамяшчэнні, у тым ліку за кошт запуску сумесных інвестыцыйных праектаў».

«З улікам ваенна-палітычнай абстаноўкі на нашых заходніх рубяжах, якая застаецца напружанай, Расіяй і Беларуссю ў апошнія гады зробленыя сур’ёзныя захады па ўмацаванні агульнай прасторы абароны і бяспекі Саюзнай дзяржавы», – заявіла ведамства, адзначыўшы наяўнасць у СД «дастатковага патэнцыялу для адбіцця шырокага спектра пагроз з любых напрамкаў».

«У 2024 годзе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь была размешчана расійская нестратэгічная ядзерная зброя, да канца года чакаецца пастаўка ракетных комплексаў «Арэшнік», – гаворыцца ў паведамленні.

аз

Аэрапорт у Вільні зноў прыпыняў працы з-за падазроных паветраных шароў

24.11.2025 09:00
У канцы кастрычніка, у адказ на падобныя інцыдэнты, урад Літвы вырашыў закрыць КПП з Беларуссю ў Медніках і Салечніках.