Беларуская Служба

Еўраcаюз вылучыў новы пакет дапамогі на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці

08.12.2025 10:59
Еўрасаюз выдзеліць 30 млн еўра на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў 2026 годзе.
Сцягі Еўрасаюзафота: pixabay.com/CC0 Public Domain

Аб гэтым заявіла еўракамісар па пытаннях пашырэння Марта Кос на канферэнцыі ў Еўрапейскім парламенце «Беларусь: закладваючы асновы для дэмакратычных перамен». Яна падкрэсліла, што дапамога палітвязням і іх сем'ям застаецца прыярытэтам, піша Люстэрка.

У сваім выступе Марта Кос падзякавала беларусам за іх стойкасць і веру ў дэмакратычныя каштоўнасці, нягледзячы на рэпрэсіі, якія працягваюцца.

- Вы натхняеце ўсіх, хто верыць у свабоду і дэмакратыю. І мы верым, – звярнулася Кос да прадстаўнікоў дэмсіл Беларусі, якія ўдзельнічаюць у канферэнцыі. – З 2020 года Беларусь усё глыбей апускаецца ў аўтарытарызм. Апазіцыйныя партыі забаронены, іх лідары кінуты ў турмы або вымушаны зʼехаць. Грамадзянская супольнасць знішчана.

Еўракамісар нагадала, што з 2020 года Еўрасаюз аказвае ўсебаковую дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі. Па словах Кос, ЕС падтрымаў тысячы актывістаў, праваабаронцаў і простых грамадзян, якія адважыліся на пратэст.

– Мы прадаставілі юрыдычную і медыцынскую дапамогу для больш за 7500 чалавек, стыпендыі для больш за 3500 студэнтаў і падтрымалі тысячы бізнесаў у выгнанні, – пералічыла Кос вынікі працы еўрапейскіх праграм.

Галоўнай навіной выступлення стала абʼяўленне аб новым траншы фінансавай дапамогі.

- Я ганаруся тым, што магу абʼявіць сёння: ЕС дасць дадатковыя 30 млн еўра дапамогі народу Беларусі ў наступным годзе. Гэта давядзе нашу агульную падтрымку з моманту скрадзеных выбараў да больш чым 200 млн еўра, – заявіла еўракамісар.

Гэтыя сродкі, паводле слоў Кос, пойдуць на падтрымку праваабаронцаў, дапамогу ахвярам рэпрэсій, а таксама на садзейнічанне незалежным журналістам і грамадзянскай супольнасці, якія працягваюць сваю працу, нягледзячы на ціск.

Асаблівую ўвагу ў сваёй прамове Марта Кос надала тэме палітвязняў. Яна адзначыла, што больш за 1200 чалавек па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах. Многія з іх пазбаўлены сувязі са знешнім светам і сваімі семʼямі.

- Кожны тыдзень прыносіць новыя палітычна матываваныя прысуды, часам проста за пост у сацыяльных сетках, – канстатавала еўракамісар. – Мы працягнем аказваць ціск на рэжым, цвёрда падтрымліваючы народ Беларусі. І мы працягнем патрабаваць адказнасці за злачынствы, учыненыя рэжымам. Менавіта таму мы падтрымліваем Міжнародную платформу для прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Кос запэўніла, што Еўрасаюз не адступіць ад падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларусаў, гэтак жа як самі беларусы не адступаюць, нягледзячы на найцяжэйшыя ўмовы.

- Барацьба за свабоду і дэмакратыю – гэта барацьба, якую многія еўрапейцы выйгралі да вас. І я ведаю, што вы таксама гэта зробіце, – сказала Марта Кос у завяршэнне свайго выступу. – Вы можаце разлічваць на Еўрапейскі Саюз, на мой асабісты ўдзел да таго часу, пакуль у нас не будзе дэмакратычнай Беларусі.

Нагадаем, летась на аналагічнай канферэнцыі ў Бруселі было абʼяўлена аб выдзяленні 30 млн еўра на падтрымку грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі. Тады агульная сума дапамогі ЕС з 2020 года ацэньвалася ў 170 млн еўра.

Люстэрка/ав