Падчас канферэнцыі ў Еўрапарламенце беларускія дэмсілы абмеркавалі з топ-чыноўнікамі ЕС законы новай Беларусі. Сярод іх – люстрацыя, рэформа органаў пракуратуры, антыкарупцыйнае заканадаўства і гэтак далей. Абмеркаванне было ў закрытым ад прэсы фармаце для бяспекі экспертаў з Беларусі. Пра падрабязнасці піша Люстэрка.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька адзначыў, што галоўнымі ў абмеркаванні былі пытанні адказнасці і кантролю – гэта антыкарупцыйнае заканадаўства, стварэнне Кантрольнай палаты, рэформа органаў пракуратуры, люстрацыя.
- Усё тое, што пры пераходзе да дэмакратычнай сістэмы будзе мець вельмі сур'ёзную вагу, каб не адбылося адкату ў рэформах, – тлумачыць ён. – Мы думаем не толькі пра момант, звязаны са зменай рэжыму ў Беларусі, але і пра наступныя крокі. Гэта паказвае нас як адказных і сурʼёзных партнёраў.
Ён дадаў, што ўдзел у распрацоўцы законапраектаў прынялі не толькі беларускія эксперты, але таксама міжнародныя спецыялісты.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў прадставіў на канферэнцыі канцэпцыю пераходнага правасуддзя і мадэль люстрацыі – механізмы, якія павінны забяспечыць ачышчэнне ўлады і аднаўленне справядлівасці.
- Гэтыя распрацоўкі ствараюць аснову таго, як Новая Беларусь зможа забяспечыць адказнасць, абнавіць сістэму ўлады і вярнуцца да еўрапейскіх стандартаў, – распавёў Марозаў. – Еўрапейскія эксперты адзначылі, што шлях будзе складаным, але абраны правільны кірунак. Прапанаваныя рашэнні адпавядаюць лепшым практыкам, яны могуць быць рэалізаваны пры палітычнай волі пасля змены рэжыму. Гэта пацвярджае, што Еўрасаюз разглядае дэмакратычныя сілы як будучага партнёра і гатовы падтрымліваць падрыхтоўку да пераходнага перыяду. Галоўны вынік – Беларусь застаецца ў еўрапейскім парадку дня як будучая дэмакратычная гісторыя поспеху, і наша праца сёння фарміруе фундамент заўтрашніх перамен.
Адной з тэм абмеркавання стала рэформа пракуратуры і Кантрольнай палаты.
Люстэрка/ав