Былы палітвязень і апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч заявіў, што не збіраецца пакідаць Беларусь, нягледзячы на ціск з боку ўладаў і прапановы выехаць на лячэнне за мяжу. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю нямецкай газеце Die Zeit, пра якое паведамляе Reform.news.
Паводле Статкевіча, пасля вызвалення ў лютым 2026 года, калі ён перанёс у зняволенні інсульт, улады, імаверна, разлічваюць, што пагроза новага арышту або пастаянныя цяжкасці прымусяць яго пакінуць краіну.
— Цяпер прадстаўнікі рэжыму, відаць, спадзяюцца, што пастаянны страх зноў апынуцца за кратамі давершыць сваю смяротную справу. Або што я нарэшце пакіну Беларусь, каб лячыцца за мяжой… Але ўсе спробы выціснуць мяне з Беларусі былі марныя. Я не пакіну краіны, — заявіў палітык.
Ён таксама адзначыў, што дагэтуль не ведае свайго юрыдычнага статусу пасля вызвалення. Паводле яго, улады не адказалі на афіцыйныя запыты, а заява пра памілаванне прагучала толькі ад прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі, хоць сам Статкевіч ніколі не прасіў аб памілаванні.
эж