«Мы, міністры замежных спраў Францыі,Нямеччыны і Польшчы, з непакоем назіраем за развіццём падзеяў у Беларусі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, рашуча выступаем за выкананне асноўных свабодаў беларусаў, у тым ліку, выбарчых правоў і мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў замежных спраў Польшчы, Нямеччыны і Францыі, размешчанай на сайце польскага МЗС.
Міністры Яцэк Чапутовіч, Хайка Маас і Жан-Іў Ле Дрыян выказалі занепакоенасць тым, што Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ (ODIHR), Парламенцкая асамблея АБСЕ і Парламенцкая асамблея Рады Еўропы не мелі магчымасці назіраць за выбарчым працэсам.
«У сувязі з гэтым мы заклікаем улады Беларусі правесці свабодныя і сумленныя прэзідэнцкія выбары, у тым ліку забяспечыць магчымасць іх незалежнага маніторынгу мясцовымі назіральнікамі. Мы зафіксавалі трывожныя паведамленні аб выбарчых парушэннях падчас датэрміновага галасавання», – заявілі міністры.
«Беларусь важны сусед Еўрапейскага Звязу»
Міністры падкрэслілі, што Беларусь з'яўляецца важным суседам Еўрапейскага Звяза і актыўным членам Усходняга партнёрства. «Наш дыялог за апошняе дзесяцігоддзе быў складаным, але шматабяцальным. Гэта таксама прывяло да практычнага супрацоўніцтва. Мы верым у магчымасць пабудовы больш трывалых сувязяў паміж Беларуссю і яе грамадзянамі ды Еўрапейскім Звязам, заснаваных на павазе агульных дэмакратычных каштоўнасцяў, у тым грамадзянскіх свабодаў і вяршэнства права», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
Міністры перакананыя, што сумеснымі намаганнямі ўжо многае ўдалося дасягнуць, а таксама выказалі занепакоенасць магчымасцю падрыву гэтых дасягненняў.
«Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых па палітычных прычынах, устрымлівацца ад выкарыстання гвалту або захадаў, накіраваных супраць правоў чалавека, уключаючы грамадзянскія і палітычныя свабоды. Мы заклікаем паважаць волю беларускага народа», – заявілі кіраўнікі дыпламатычных ведамстваў Польшчы, Нямеччыны і Францыі.
Міністры падкрэслілі, што «няма іншага шляху да ўмацавання незалежнасці Беларусі, апроч рэальнага і адкрытага грамадскага дыялогу».
эж