У панядзелак Польшча перадала паветраным шляхам гуманітарную дапамогу на суму каля 600 тысяч злотых (прыкладна 133 тысячы еўра) у Судан. Міністэрства замежных спраў паведамляе, што сродкі трапяць да людзей у патрэбе праз Суданскую камісію па гуманітарнай дапамозе.
Судан – адна з самых бедных краін свету. У апошні час 17 з 18 правінцый краіны пацярпелі ад паводкі.
Сярод высланых рэчаў: лекі, коўдры, піжамы, хірургічныя халаты, ручнікі і прасціны агульнай вагой каля 6 тон і коштам 600 тысяч злотых (133 тысячы еўра).
Падчас перадачы транспарту намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Павел Яблонскі падкрэсліў, што гэта чарговая кампанія салідарнасці, распачатая Міністэрствам замежных спраў у дачыненні да краіны, якой тэрмінова патрэбная дапамога.
«Палякі да гэтага часу памятаюць паводку стагоддзя, якая абрынулася на нашу краіну ў 1997 годзе і прывяла да велізарных разбурэнняў і гібелі некалькіх дзясяткаў чалавек. Польская дапамога – гэта жэст салідарнасці з Суданам у гэты складаны перыяд», – сказаў Яблонскі.
У рамках гуманітарнай дапамогі падчас пандэміі Польшча падтрымлівала, у прыватнасці, Ліван пасля выбуху ў порце Бейрута, арганізавала паездку лекараў, медсясцёр і фельчараў у Італію, ЗША, Кыргызстан, Таджыкістан і Эфіопію. Акрамя таго, пастаўкі медыцынскага абсталявання былі адпраўлены ў Беларусь, Украіну і Малдову.
ав