Беларуская Служба

Рашэнне аб набыцці кітайскай вакцыны яшчэ не прынята

03.03.2021 09:14
Сёння гэтае пытанне разглядаецца на паседжанні групы антыкрызіснага кіравання.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneFilip Blazejowski/Forum

Вакцына, якую купляе Польшча, павінна быць адобрана адпаведнымі ўстановамі. Пра гэта заявіў у Першай праграме ПР намеснік прэс-сакратара кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Радаслаў Фогель. Такім быў яго адказ на пытанне, ці польскі ўрад намераны набыць кітайскую вакцыну ад каранавіруснай інфекцыі. Паводле ягоных словаў, рашэнне яшчэ не прынята.

Фогель адзначыў, што Польшча атрымлівае занадта мала дозаў прышчэпкі ад вытворцаў, адобраных у ЕС, таму магчымыя розныя варыянты.

- Мы правяраем вакцыну іншых вытворцаў. Рашэнні яшчэ не прыняты, мы хочам ведаць, якія сцэнары магчымыя. Ніхто не будзе рызыкаваць здароўем палякаў. Усе прышчэпкі, якія мы будзем купляць, павінны мець сертыфікат адпаведных установаў. Гэта самая важная справа, я гэта падкрэсліваю, каб не было ніякіх сумневаў.

Пра набыццё кітайскай вакцыны польскі прэзідэнт Анджэй Дуда размаўляў у панядзелак з кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам. Сёння гэтае пытанне абмяркоўваецца падчас паседжання ўрадавай групы антыкрызіснага кіравання.

ІАР/нг