Беларуская Служба

Польскія працадаўцы хочуць ведаць, хто з працаўнікоў прышчэплены

29.06.2021 11:34
Прадпрымальнікі заклікаюць урад даць ім доступ да інфармацыі, якая змяшчаецца ў гэтак званых кавідных пашпартах.
.
. PAP/EPA/SOHAIL SHAHZAD

Польскія працадаўцы хочуць ведаць, хто прышчэплены, каб супрацьстаяць будучай хвалі каранавіруса – піша выданне «Rzeczpospolita».

Міністэрства аховы здароўя, нягледзячы на нізкі ўзровень новых выпадкаў, падтрымлівае рэкамендацыю аддаленай працы, дзе гэта магчыма, і захавання санітарных правілаў. Аргументам з’яўляецца нарастанне хвалі заражэнняў каранавірусам за межамі Польшчы ў варыянце Delta.

Праблема заключаецца ў тым, што толькі невялікая група працадаўцаў можа дазволіць сабе адпраўляць сваіх работнікаў на аддаленую працу. Вытворчасць або перапрацоўка павінны працаваць стацыянарна. Таксама турызм і гастраномія, якія найбольш пацярпелі ад крызісу.

Каб павысіць бяспеку ў бліжэйшыя месяцы, прадпрымальнікі заклікаюць урад даць ім доступ да інфармацыі, якая змяшчаецца ў гэтак званых кавідных пашпартах. Дзякуючы гэтаму яны змогуць вызначыць, хто ўжо прышчэплены, хто мае статус рэканвалесцэнта альбо нядаўна прайшоў тэст на каранавірус. Тым больш, што Упраўленне па абароне персанальных дадзеных дазволіла выкарыстоўваць такую інфармацыю рэстаратарам ці арганізатарам мерапрыемстваў.

«Rzeczpospolita» піша, што доступ да інфармацыі аб вакцынацыі з'яўляецца адным з найбольш часта паўтараемых патрабаванняў сярод прадпрымальнікаў у апошнія дні.

ав