Памежная служба Літвы за суткі затрымала 160 нелегальных мігрантаў з Беларусі. Большасць з іх затрымалі на тэрыторыі Друскеніцкага самакіравання. Выпадкаў супраціву памежнікі не зафіксавалі, паведамяле svaboda.org.
«Многія мігранты, затрыманыя друскеніцкімі памежнікамі, распавядаюць падобныя гісторыі. Яны нібыта вучыліся ў вышэйшых навучальных установах Горадні, а мясцовая ўлада ўвяла новую плату для такіх студэнтаў. Іх таксама нібыта выселілі са студэнцкіх інтэрнатаў і вымусілі пакінуць Беларусь. Такія мігранты кажуць, што з-за блізкасці Горадні да Літвы яны выбралі гэтую краіну, а не, напрыклад, Польшчу», – гаворыцца на сайце памежнай службы Літвы.
Паводле інфармацыі літоўскага ведамства, агулам у 2021 годзе 1098 мігрантаў з Беларусі спрабавалі ўехаць у Літву. Гэты лік амаль у дванаццаць з паловай разоў большы, чым было ў мінулым годзе. Памежная служба адзначыла, што мігранты пачалі ісці і цераз участкі мяжы, абсталяваныя сучаснай сістэмай кантролю. Раней яны ўнікалі такіх тэрыторый.
Афіцыйная Вільня абвінавачвае Беларусь у нядбайнасці і ў спрыянні перапраўцы замежнікаў да мяжы Літвы. Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што рост колькасці мігрантаў – гэта свядомая палітыка беларускіх уладаў супраць Літвы. Яна назвала тое, што адбываецца, пачаткам гібрыднай вайны.
эж