Польская Памежная служба зафіксавала ўчора 601 спробу нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы. 34 чалавекі былі затрыманыя, паведаміла прэс-сакратар Памежнай службы Анна Міхальска(Anna Michalska):
-Мы затрымалі 29 нелегальных мігрантаў: 23 грамадзян Іраку, трох грамадзян Ірану, двое грамадзян Анголы, аднаго – Конга. Астатнія спробы перасячэння мяжы былі прадухіленыя. Апрача таго, за дапамогу ў нелегальным перасячэнні мяжы былі затрыманыя пяць замежнікаў: двое грамадзян Украіны, двое – Сірыі і адзін – Малдовы. Гэта першыя ў бягучым месяцы, затрыманыя за гэта асобы. У мінулым месяцы мы затрымалі больш за 120 такіх асобаў.
На польска-беларускім памежжы дзейнічае надзвычайнае становішча, якое было ўведзенае на пачатку верасня рашэннем прэзідэнта Польшчы па запыце Савета міністраў. Надоечы Сейм пагадзіўся на яго прадаўжэнне на 60 дзён. Надзвычайнае становішча ахоплівае 183 населеныя пункты ў Люблінскім і Падляшскім ваяводствах.
Гэта адказ на значнае павелічэнне колькасці спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Паводле польскіх уладаў, павелічэнне міграцыйнага прытоку – вынік наўмысных дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі, які такім чынам спрабуе нанесці ўдар па Польшчы і Еўрасаюзе.
За ўвесь верасень былі зафіксаваныя 7 тысяч 535 спробаў незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. За ўвесь 2020 год – 120.
IAR/аз