Былыя вайскоўцы і актывісты звяртаюцца да салдат і афіцэраў памежнай аховы Польшчы з просьбай аб гуманных паводзінах у дачыненні да мігрантаў на польска-беларускай мяжы.
Відэазвароты публікуе Gazeta Wyborcza
– На нашай усходняй мяжы адбываюцца кепскія рэчы, якія шкодзяць чалавечай годнасці, а часта і гонару салдат, – кажа Вальдэмар Скшыпчак (Waldemar Skrzypczak), генерал польскіх узброеных сіл у запасе, былы намеснік міністра нацыянальнай абароны.
– Людзі, якія прыязджаюць у нашу краіну з просьбай аб міжнароднай абароне, паміраюць, – дадае Яніна Ахойска (Janina Ochojska), прэзідэнт Польскай акцыі гуманітарнай.
– Я ведаю, што ў вас ёсць загады. Я разумею гэта, але перакананы, што многія з вас, гледзячы ў плачучыя вочы дзяцей, іх часцей за ўсё маладых маці, ці маладых хлопцаў, якія маглі быць вашымі малодшымі братамі, сынамі ці вамі ж некалькі гадоў таму, адчуваюць што ў гэтых загадах нешта не так. Што гэта за загады, якія не дапамагаюць? – кажа актрыса Мая Асташэўска (Maja Ostaszewska).
Ролік быў створаны па ініцыятыве «Мы грамадзяне» (My Obywatele).
Адзначым, падчас 76-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Йорку 21 верасня прэзідэнты Польшчы Анджэй Дуда, Літвы Гітанас Наўседа і Латвіі Эгілс Левітс усклалі адказнасць за сітуацыю з нелегальнымі мігрантамі на ўсходніх межах ЕС на ўлады Беларусі. Яны асудзілі практыку выкарыстання замежных грамадзян ва ўразлівым становішчы для правядзення «гібрыднай атакі» і заклікалі краіны ААН разам вырашаць міграцыйныя праблемы. Цяпер вядома як мінімум пра смерць дзесяці асобаў, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу Беларусі і Еўрасаюза.
вх