Беларуская Служба

30% палякаў гатовыя галасаваць за Аб'яднаныя правыя сілы

16.01.2022 08:37
20% гатовыя падтрымаць апазіцыю, больш за 15% не вызначыліся за каго галасаваць.
Sejm RP
Sejm RPTwitter/Sejm RP

Аб'яднаныя правыя сілы – 30,1%, Грамадзянская кааліцыя – 20,2%, Польшча-2050 – 12,1%, Канфедэрацыя – 8,6%, Левыя сілы – 7,3%, Польская сялянская партыя – 6%. Так выглядалі б вынікі выбараў, калі б яны адбыліся цяпер. Гэта вынікае з апошняга сацыялагічнага апытання IBRiS для партала Onet.pl, апублікаванага раніцай у нядзелю.

«Партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) сутыкнулася з крызісам падтрымкі, што пацвярджаюць вынікі апошняга апытання. Партыя Яраслава Качыньскага дасягнула псіхалагічнай мяжы і будзе мець сур'ёзныя цяжкасці са стварэннем парламенцкай большасці. Гэта звязана з хаатычным увядзеннем новыя падатковых правіл праграмы «Польскі лад», напісаў партал.

Паводле выдання, калі б выбары адбыліся ў гэтую нядзелю, за Абʼяднаныя правыя сілы – гэта значыць ПіС і «Салідарную Польшчу» – прагаласавалі б 30,1% палякаў. Гэта на 1,9 працэнтных пункта менш, чым у апытанні праведзеным у канцы лістапада. У параўнанні з вераснем скарачэнне яшчэ большае – 6,5 працэнтных пункта, нагадаў партал.

Аднак апытанне паказвае, што ПіС захоўвае відавочную перавагу над другой палітычнай сілай – «Грамадзянскай кааліцыяй» (ГК), якая таксама губляе падтрымку. «За партыю, якую ўзначальвае Дональд Туск, прагаласавала б 20,2% рэспандэнтаў. Гэта на 1,9 працэнтнага пункта менш, чым месяц таму. Вынік ГК скарачаецца з ліпеня мінулага года, калі партыя мела 26,2% падтрымкі», піша партал.

Трэцяй палітычнай сілай стаў рух «Польшча 2050» з 12,1% падтрымкі, што на 0,3 працэнтных пункта больш, чым у лістападзе мінулага года

Найбольшая змена тычыцца людзей, якія хацелі б прагаласаваць, але не ведаюць, за каго б прагаласавалі. 15,7% палякаў не вызначыліся са сваім палітычным выбарам. Гэта на 2 працэнтныя пункты больш у параўнанні з лістападам і на 7,4 працэнтныя пункты ў параўнанні з вераснем мінулага года.

PAP/юл