Беларуская Служба

Станіслаў Жарын: Лукашэнка «чарговы раз маніпулюе адносінамі Беларусі і Захаду»

30.01.2022 17:38
Па словах Лукашэнкі, Польшча «хоча ўсю Беларусь».
Станіслаў Жарынфота: twitter.com

Прапагандысцкая дзейнасць Беларусі нагадвае крамлёўскую. Яна прадстаўляе Захад як суб'ект, адказны за напружанасць у Еўропе і варожасць у адносінах да Беларусі і Расіі, падкрэсліў у нядзелю прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў згадаў у Twitter апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі. Як адзначыў Жарын, беларускі палітык «у чарговы раз маніпулюе адносінамі Беларусі і Захаду, сцвярджаючы, што агрэсіўнае стаўленне ЗША прыводзіць да напружанасці паміж Захадам і Мінскам». «На гэты раз абвінавачанні тычацца і Польшчы, і краін Балтыі. Яны, у наратыве Лукашэнкі, выкарыстоўваюцца ЗША супраць Беларусі», – напісаў ён.

У звароце да народу Лукашэнка заявіў, што «калі будзе агрэсія супраць Беларусі, то тут будуць сотні тысяч расійскіх салдат, якія разам з сотнямі тысяч беларускіх салдат будуць змагацца за гэтую святую зямлю». Гаворачы аб запланаваных з Расіяй манеўрах на мяжы з Украінай, ён сказаў, што «наш паўднёвы фланг павінен быць прыкрыты» і што манеўры павінны «паказаць, дзе трэба сабраць узброеныя сілы краіны».

Лукашэнка таксама паўтарыў, што Захад нарошчвае наступальныя сілы НАТА ля межаў Беларусі, і абвінаваціў Польшчу і Літву ў тым, што яны «дзейнічаюць у духу палітыкі Вашынгтона», інакш яны былі б «сумнай перыферыяй Еўропы».

Па словах Лукашэнкі, Польшча «хоча ўсю Беларусь». Ён абвінаваціў яе ў «фінансаванні апазіцыі і каардынацыі пратэсту, у тым ліку ў Беларусі, Расіі і нават у Казахстане».

PAP/нг