Беларуская Служба

Старшыня Канферэнцыі епіскапату Польшчы заклікаў палякаў прыняць уцекачоў з Украіны

21.02.2022 15:03
Арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі папрасіў, каб гасціннасць для ўцекачоў знайшла сваё канкрэтнае вымярэнне ў падтрымцы дабрачынных арганізацый.
Арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі Крыніца: Twitter/EpiskopatNews

Старшыня Канферэнцыі епіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі заклікаў палякаў трымаць «адкрытыя і гасцінныя сэрцы для бежанцаў з Украіны, якія ў Польшчы паспрабуюць знайсці прытулак ад вайны».

У сваім звароце арцыбіскуп падкрэсліў, што «кожны мае права жыць у міры і бяспецы. Кожны мае права шукаць для сябе і сваіх блізкіх умоў, якія гарантуюць яму бяспечнае жыццё». Старшыня епіскапату нагадаў, што ў апошнія гады Польшча адкрыла свае межы для грамадзянаў Украіны, «якія жывуць сярод нас, працуюць побач з намі, моляцца ў польскіх касцёлах і вучацца ў польскіх школах».

Арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі папрасіў, каб гасціннасць для ўцекачоў знайшла сваё канкрэтнае вымярэнне ў падтрымцы дабрачынных арганізацый: «Карытас Польшча», «Карытас» на епархіяльным і парафіяльным узроўні. Арцыбіскуп дадаў, што польскі «Карытас» падрыхтаваў дадатковую праграму падтрымкі ўцекачоў з Украіны ў выпадку далейшай эскалацыі напружанасці і ўзброеных дзеянняў.

iar/эж

Палітолаг: Пануе спакой, бо за восем гадоў украінцы прызвычаіліся да вайны на сваёй тэрыторыі

16.02.2022 17:51
16 лютага ва Украіне быў абвешчаны Днём адзінства.