Беларуская Служба

У Варшаве пакажуць Міцкевіча ў выкананні беларускай трупы «Купалаўцы»

09.10.2022 09:14
Побыт у Польскім тэатры стаў магчымасцю для беларускага калектыву, раскіданага па Еўропе, папрацаваць над новым беларускамоўным спектаклем.
Ілюстрацыйны здымакhttps://teatrpolski.waw.pl/

На Вялікай сцэне Польскага тэатра. А. Шыфмана ў Варшаве сёння адбудзецца прэм’ера спэктаклю «Рамантыка» паводле твораў Адама Міцкевіча ў выкананні актораў незалежнага беларускага тэатральнага калектыву «Купалаўцы». Рэжысёр спектакля — Мікалай Пінігін.

Калектыў складаецца з былых артыстаў Нацыянальнага тэатра Янкі Купалы ў Мінску, найстарэйшага драматычны тэатра Беларусі.

У 2020 годзе тэатр рыхтаваўся да святкавання стагоддзя, але 26 жніўня большая частка калектыву пакінула працу ў знак салідарнасці з народам Беларусі, які выйшаў на вуліцы, каб пратэставаць супраць гвалту і беззаконня ў краіне. Незалежная трупа актораў лічыць, што яны вернуцца туды зноў.

Побыт у Польскім тэатры стаў магчымасцю для беларускага калектыву, раскіданага па Еўропе, папрацаваць над новым беларускамоўным спектаклем «Рамантыка/Romantyczność» паводле «Балад і рамансаў» Адама Міцкевіча.

Анансуючы спектакль, Мікалай Пінігін, між іншым, сказаў: «Як вядома, Адам Міцкевіч нарадзіўся ў Навагрудку, за 130 кіламетраў ад Мінска, і казаў, што ён літовец. У выніку палітыкі Расійскай імперыі, якая праводзілася на гэтых абшарах і гістарычных закалотаў жмудзіны сталі называцца літоўцамі, а літоўцы — беларусамі... Што ж... Прыміце, пане Адаме, вашы балады на той мове, на якой вы іх некалі чулі. Ад нас, беларусаў».

ПР/юл