Беларуская Служба

Маравецкі: Барацьба з крызісам будзе цяжкай, але можа прывесці да развіцця ў розных сферах

07.11.2022 13:02
Кіраўнік ураду адкрыў кангрэс ESG Polska Moc Biznesu.
 .    .
Адкрыццё кангрэсу. На экране прэм'ер М. Маравецкіфота: PAP/Marcin Obara

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што барацьба з крызісам, выкліканым вайной ва Украіне, будзе вельмі цяжкай, але можа прывесці да істотных зменаў і развіцця ў розных сферах. Кіраўнік ураду адкрыў кангрэс ESG Polska Moc Biznesu (Польская моц бізнесу).

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што ў цяжкія часы, выкліканыя пандэміяй, а таксама вайной за нашай усходняй мяжой, польскі бізнес як ніколі паказаў сваю сілу. Як дадаў ён, дзякуючы гэтаму мы змаглі абараніць эканоміку ад беспрацоўя.

Такім чынам, цяпер адкрываюцца магчымасці для новага пачатку. «Гэтыя выклікі патрабуюць ад бізнесу пераарыентацыі, пошуку новых пунктаў адліку і вызначэння новых шляхоў развіцця», – патлумачыў Маравецкі.

Кангрэс праходзіць на стадыёне PGE Narodowy ў Варшаве. Polska Moc Biznesu – гэта інтэрактыўнае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў кіроўных элітаў, прадпрымальнікаў і інвестараў з усёй Польшчы. Кангрэс ахоплівае сацыяльныя, эканамічныя, экалагічныя тэмы, тэматыку кіравання бізнесам і аховы здароўя. У кангрэсе прымаюць удзел прадстаўнікі бізнесу, навукі, мясцовых і няўрадавых арганізацый, а таксама цэнтральнай адміністрацыі. Польскае радыё зʼяўляецца галоўным медыя партнёрам кангрэсу.

IAR PR/нг