Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда ўдзельнічае ў кліматычным саміце ў Егіпце

07.11.2022 15:19
«Свет стаіць на мяжы кліматычнай катастрофы», – папярэджваюць апошнія справаздачы ААН.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на канферэнцыі ў Егіпцефота: PAP/Radek Pietruszka

У егіпецкім курорце Шарм-эш-Шэйх адбываецца штогадовая канферэнцыя ААН па клімаце. У двухтыднёвай сустрэчы COP27 прымаюць удзел больш за 120 кіраўнікоў дзяржаў і 30 тысяч удзельнікаў. Яны павінны прыняць новыя кліматычныя нормы на бліжэйшыя гады.

«Свет стаіць на мяжы кліматычнай катастрофы», – папярэджваюць апошнія справаздачы ААН. Таму яшчэ да афіцыйнага пачатку кліматычнай канферэнцыі ў Егіпце гаспадары сустрэчы заклікалі да смелых рашэнняў.

Дэлегаты ад асобных краін на працягу двух тыдняў павінны распрацаваць новы кліматычны дагавор. Ён павінен уключаць у сябе канкрэтныя абавязацельствы па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу, а таксама падрабязныя рашэнні для «кліматычных рэпарацый».

Менавіта грошы стануць адной з галоўных тэм абмеркавання. Гаворка ідзе пра ідэю, што Захад павінен даць краінам, якія развіваюцца, сродкі на зялёную трансфармацыю. Гэта таксама было б формай кампенсацыі за спусташэнне навакольнага асяроддзя, якое багатыя краіны выклікалі ў апошнія дзесяцігоддзі.

Польшчу на сустрэчы ў Шарм-эш-Шэйху прадстаўляе прэзідэнт Анджэй Дуда. Ён заявіў, што расійская агрэсія супраць Украіны таксама ўплывае на кліматычную палітыку. Дуда падкрэсліў, што сёння найважнейшай праблемай, акрамя аховы клімату, з’яўляецца энергетычная бяспекі. На яго думку, апошні аспект, магчыма, больш важны цяпер для польскага грамадства. А ўсё гэта, – дадаў прэзідэнт, – у сувязі з цяжкасцямі на энергетычным рынку, выкліканымі расійскім уварваннем ва Украіну.

IAR PR/нг