Беларуская Служба

Польскі нафтапаліўны канцэрн Orlen забяспечаны пастаўкамі нафты

27.02.2023 18:33
У суботу Расія ў аднабаковым парадку прыпыніла пастаўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба».
   PKN Orlen
Польскі нафтахімічны канцэрн PKN OrlenShutterstock/MOZCO Mateusz Szymanski

Польскі нафтапаліўны канцэрн Orlen забяспечаны пастаўкамі нафты, а вытворчаму працэсу не пагражаюць перабоі, паведамілі ў кампаніі. Як інфармавалася, у суботу, 25 лютага, Расія ў аднабаковым парадку прыпыніла пастаўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба».

Да спынення паставак расійская нафта пакрывала ўсяго каля 10% сырой нафты, якую закупала Польшча. Гэта былі пастаўкі па трубаправодзе, у адносінах да якіх не ўводзіліся міжнародныя санкцыі. Кампанія Orlen адмовілася ад імпарту сырой нафты марскім шляхам і паліва з Расіі задоўга да ўвядзення адпаведных еўрапейскіх абмежаванняў з-за вайны ва Украіне.

Акрамя Саудаўскай Аравіі, Orlen імпартуе нафту з радовішчаў у Паўночным моры, з Заходняй Афрыкі, Міжземнаморскага басейна, Персідскага і Мексіканскага заліваў.

Канцэрн Orlen – адно з буйнейшых нафтапаліўных прадпрыемстваў у Еўропе. Фірма з’яўляецца ўладальнікам некалькіх НПЗ і вялікай сеткі АЗС у розных еўрапейскіх краінах.

У Польшчы Orlen з’яўляецца ўладальнікам медыя-групы, транспартных кампаній, у тым ліку чыгуначных, шэрагу хімічных прадпрыемстваў не з галіны нафтаперапрацоўкі, кампаній па вытворчасці і пастаўках электраэнергіі, страхавых таварыстваў, кампаній па здабычы і пастаўках прыроднага газу, гандлёвых сетак і шэрагу іншых фірм у розных галінах эканомікі.

вс