Беларуская Служба

Урад Польшчы прыняў законапраект, які прыраўноўвае дакументы ў мабільным дадатку mObywatel да традыцыйных дакументаў

28.02.2023 14:14
Дзякуючы гэтаму рашэнню грамадзяне змогуць вырашаць свае службовыя справы з дапамогай лічбавага ідэнтыфікатара, які захоўваецца ў дадатку.
Матэвуш МаравецкіPAP/Albert Zawada

Урад Польшчы прыняў законапраект, які прыраўноўвае дакументы ў мабільным дадатку mObywatel да традыцыйных дакументаў у пластыкавым або папяровым выглядзе. Дзякуючы гэтаму рашэнню грамадзяне змогуць вырашаць свае службовыя справы з дапамогай лічбавага ідэнтыфікатара, які захоўваецца ў дадатку.

На прэс-канферэнцыі пасля паседжання ўрада прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што дадатак mObywatel будзе развівацца і будуць даступныя чарговыя дакументы. «Заахвочваю ўсіх карыстацца гэтай сцежкай доступу, якую мы пабудавалі», – сказаў ён.
Прыняты законапраект таксама прадугледжвае папулярызацыю электронных дакументаў, якія павінны паўсюдна паважацца ў дзяржаўных установах. Прапанаваныя рашэнні дазваляюць грамадзянам здзяйсняць плацяжы праз дадатак mObywatel і выдаваць аўтарызацыі, неабходныя для вырашэння службовых спраў.

Дадатак mObywatel дазваляе выкарыстоўваць лічбавыя версіі дакументаў асобы, у тым ліку вадзіцельскае пасведчанне, студэнцкі або школьны білет. Гэта таксама дазваляе аддалена вырашаць многія афіцыйныя справы, напрыклад, запаўняць формы і выдаваць даверанасці. Прыкладанне – бясплатнае.

ав