Беларуская Служба

МЗС Польшчы назваў нягодным знішчэнне фрэскі «Цуд на Вісле»

01.03.2023 07:59
У запісе, апублікаваным у Twitter, прэс-сакратар МЗС Польшчы падкрэсліў, што пашкоджаная выява з'яўляецца элементам польскай культуры
Роспіс «Цуд над Віслай» у касцёле ў Солах зафарбаваліФота: vk.com / Litwiny

Прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна асудзіў знішчэнне роспісу «Цуд на Вісле» ў касцёле ў беларускіх Солах (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці).

У запісе, апублікаваным у Twitter, прэс-сакратар падкрэсліў, што пашкоджаная выява зʼяўляецца элементам польскай культуры.

«Мы асуджаем знішчэнне польскай культурнай спадчыны ў Беларусі рэжымам Лукашэнкі. Гэта спадчына – неадʼемная частка гісторыі Беларусі. Яе знішчэнне нягоднае і несумяшчальнае з прынцыпамі цывілізаванага свету», – напісаў Лукаш Ясіна.

Пра знішчэнне роспісу паведаміў партал Głos znad Niemna.

Фрэска касцёла ў Солах  была створана ў 1920-я гады і адлюстроўвае сцэну разгрому бальшавікоў польскім войскам пад Осавам 15 жніўня 1920 года. Пасля Другой сусветнай вайны, калі Солы знаходзіліся ў складзе камуністычнай Беларусі, фрэску зафарбавалі. Пасля распаду Савецкага Саюза выява была адноўлена і асвечана па ініцыятыве мясцовай каталіцкай супольнасці.

Напрыканцы мінулага года на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» выпусцілі сюжэт, у якім прапагандыстка Ксенія Лебедзева абвінаваціла настаяцеля рымска-каталіцкай парафіі ў Солах у фінансавых махінацыях, расказала пра яго нібыта кепскія адносіны з мясцовымі парафіянамі, а таксама згадала фрэску «Цуд над Віслай» у храме. Прапагандыстка ўбачыла ў роспісе заклік «да распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці».

ІАР/ вх