Беларуская Служба

Богдан Жоньца: Польскі ўрад самастойна павінен спыніць паток украінскага збожжа праз мяжу

12.04.2023 10:57
На гэта ёсць некалькі спосабаў.
Bogdan Rzońca
Bogdan RzońcaPR24/RB

У Польшчы працягваецца абмеркаванне праблемы вялікай колькасці ўкраінскага збожжа ў краіне, якое выклікае падзенне цэнаў і страты польскіх фермераў.

Дэпутат Еўрапейскага парламенту ад кіроўнай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць» Богдан Жоньца (Bogdan Rzońca) мяркуе, што ў Еўрасаюзе няма жадання ўводзіць мыта на збожжа з Украіны. Такім чынам, польскі ўрад самастойна павінен спыніць паток збожжа праз усходнюю мяжу. Богдан Жоньца ў эфіры Польскага радыё 24 сказаў, што гэта можна зрабіць некалькімі спосабамі.

- Неабходна абмеркаваць магчымасць увядзення дэпазіту для тых суб’ектаў гаспадарання, якія займаецца скупкай збожжа, магчымасць пламбаваць вагоны або грузавікі. Дзяржаўная адміністрацыя павінна выкарыстаць уласныя сродкі дзеля таго, каб сачыць за тым, што ўвозіцца ў Польшчу і што вывозіцца. На Еўрасаюз я б тут не разлічваў. Неабходна паклапаціцца аб польскіх фермерах, якія робяць вельмі важную працу. А польскі ўрад павінен упарадкаваць гэтую справу.

Дэпутат Жоньца дадаў, што Еўрасаюз выдзеліў першы транш сродкаў для інтэрвенцыйных закупак збожжа. Плануецца яшчэ адзін. Аграрыі атрымаюць тое, чаго чакаюць – добрыя грошы за сваю працу і магчымасць продажу збожжа. Фермеры атрымаюць дапамогу ад ураду, – заверыў еўрадэпутат.

IAR/нг