Беларуская Служба

Палітыкі кіроўнай партыі просяць лідара апазіцыі адмовіцца ад крывадушнасці

02.07.2023 15:33
Еўрадэпутаты ПіС арганізавалі прэс-канферэнцыю, падчас якой указалі на крывадушнасць кіраўніка буйнейшай апазіцыйнай партыі.
Donald Tusk zarzuca PiS-owi przyzwolenie na niekontrolowaną migrację
Donald Tusk zarzuca PiS-owi przyzwolenie na "niekontrolowaną migrację"Alessio Tricani / Shutterstock.com, printscreen/twitter.com/Platforma_org

Прынятае ў ЕЗ правіла па размеркаванні мігрантаў выклікае вострыя спрэчкі ў Польшчы. Палітыкі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» (ПіС), якая супраць гэтага закону, чакаюць ад кіраўніка апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы» (ГП) Дональда Туска канкрэтных заяваў аб тым, што ён ніколі не пагодзіцца з прапановамі Германіі адносна міграцыйнай палітыкі.

У нядзелю Дональд Туск апублікаваў у сваім профілі ў Twitter запіс, у якім закранае тэму міграцыйнай палітыкі. «Мы назіраем шакуючыя сцэны жорсткіх беспарадкаў у Францыі – пры гэтым Качыньскі (старшыня ПіС – рэд.) рыхтуе дакумент, дзякуючы якому яшчэ больш грамадзян з такіх краін, як Саудаўская Аравія, Індыя, Ісламская Рэспубліка Іран, Катар, Арабскія Эміраты, Нігерыя або Пакістан прыбудуць у Польшчу», – адзначыў Туск.

Паводле яго слоў, «Качыньскі адначасова нападае на замежнікаў і імігрантаў, і ў той жа час хоча ўпусціць іх сотні тысяч. Можа, яму патрэбная ўнутраная вайна, канфлікт, страх польскіх грамадзян, тады яму лягчэй будзе выйграць выбары. Мы павінны як мага хутчэй адхіліць яго ад улады, каб пазбегнуць гэтай небяспекі...», – сказаў лідар апазіцыі.

У адказ на гэтыя заявы еўрадэпутаты ПіС арганізавалі ў нядзелю ў Варшаве прэс-канферэнцыю, падчас якой указалі на крывадушнасць кіраўніка ГП.

Еўрадэпутат Патрык Які адзначыў, што Туск спачатку быў супраць праграмы дапамогі на дзяцей «500 plus», потым падтрымаў яе, спачатку быў за павышэнне пенсійнага ўзросту, потым быў супраць, спачатку быў супраць будаўніцтва сцяны на польска-беларускай мяжы, а потым за. Аналагічна было і ў выпадку з перасяленнем нелегальных мігрантаў, дадаў ён.

Еўрадэпутаты таксама спыталі, ці падпіша Туск заяву, падрыхтаваную PiS, і накіруе яе «сваім кіраўнікам у Брусель». У заяве гаворыцца, што Туск ніколі не пагодзіцца з прапановамі Германіі адносна міграцыйнай палітыкі і не будзе падтрымліваць прапанову так званага міграцыйнага пакта.

PAP/нг