Беларуская Служба

У Польшчы ўсё часцей сілавыя ведамствы і спецслужбы ўзначальваюць жанчыны (ФОТА)

07.02.2024 16:40
Сярод кіраўнікоў - жанчыны-афіцэры ў званнях генерала і на генеральскіх пасадах.  
Намеснік галоўнага каменданта Памежнай службы Польшчы брыгадны генерал Віялета Гажкоўскаtwitter.com/MSWiA_GOV_PL

У Польшчы ўсё часцей сілавыя ведамствы і спецслужбы ўзначальваюць жанчыны. Так, начальнікам Надодранскага атраду Памежнай службы Польшчы (заходняя мяжа краіны) стала палкоўнік Маніка Муселяк, паведаміла прэс-служба памежнага ведамства. Стаж службы Манікі Муселяк у памежных структурах – больш за 20 гадоў.

Палкоўнік Маніка Муселяк - чацвёртая справа  крыніца: Nadodrzański Oddział Straży Granicznej
Палкоўнік Маніка Муселяк - чацвёртая справа крыніца: Nadodrzański Oddział Straży Granicznej

Намеснікам галоўнага каменданта Памежнай службы Польшчы з’яўляецца таксама жанчына – брыгадны генерал Віялета Гажкоўска.

У канцы года стала вядома, што дырэктарам Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро (ЦАБ) – адной з важнейшых спецслужб у Польшчы, стала Агнешка Квяткоўска-Гурдак. Цягам амаль 10 гадоў афіцэр служыла ў аператыўна-следчым аддзеле ЦАБ, перад гэтым – амаль 10 гадоў у Цэнтральным бюро расследаванняў, якое ўваходзіць у структуры польскай паліцыі.

Агнешка Квяткоўска-Гурдак сярод калег  крыніца: Centralne Biuro Antykorupcyjne
Агнешка Квяткоўска-Гурдак сярод калег крыніца: Centralne Biuro Antykorupcyjne

У сваю чаргу Службу ваеннай разведкі ўзначаліла палкоўнік Дарота Кавэцка. Афіцэр служыць у вайсковай разведцы працяглы час. Была таксама ваенным аташэ ў пасольстве Польшчы ў Вялікабрытаніі.

Дарэчы, рэктарамі-камендантамі ўсіх трох польскіх школ паліцыі, у тым ліку адной вышэйшай, з’яўляюцца жанчыны.

У Польшчы пасля стварэння новага ўраду ў канцы мінулага года важныя пасады ўсё часцей займаюць жанчыны, у тым ліку ў сілавых ведамствах.

вс