Беларуская Служба

Полька, вызваленая ў Чадзе пасля выкрадання, знаходзіцца ў бяспецы і неўзабаве вернецца на радзіму

14.02.2024 14:53
Польку вызвалілі пасля перастрэлкі паміж сілавікамі Чада і яе выкрадальнікамі.
.  -   .
Ілюстрацыя. Чад - краіна ў Афрыцы.Фота: mapoftheworld.ru

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Павел Вроньскі паведаміў, што выкрадзеная ў Чадзе полька знаходзіцца ў бяспецы і неўзабаве вернецца на радзіму. Учора жанчыну вызвалілі мясцовыя спецслужбы.
Павел Вроньскі адзначыў, што калі б полька выказала такое жаданне, то атрымала б магчымасць вярнуцца ў Польшчу на борце адмыслова прысланага самалёта, які даставіў у Чад дыпламатаў і супрацоўнікаў МЗС. «Спадзяемся, што спадарыня Аляксандра хутка прыедзе ў краіну, сустрэнецца са сваёй сям'ёй і ўвесь гэты шматдзённы кашмар скончыцца», – сказаў прэс-сакратар МЗС.

Ён таксама заклікаў пазбягаць паездак у небяспечныя рэгіёны і падкрэсліў, што гэта не першы выпадак выкрадання людзей у афрыканскай краіне. Дагэтуль польскія дыпламатычныя службы вырашалі такія сітуацыі ціха. «Некаторыя часткі свету больш не з’яўляюцца бяспечнымі, – дадаў Вроньскі, – мы будзем абнаўляць спіс папярэджанняў. На жаль, ёсць нават турыстычныя агенцтвы, якія па-ранейшаму прапануюць паездкі ў даволі небяспечныя месцы», – сказаў прэс-сакратар МЗС.

Польская доктар была выкрадзеная ў пятніцу ўзброенымі нападнікамі са шпіталя Caritas у горадзе Дона Манга на поўдні Чада. Паводле мясцовых уладаў, трое выкрадальнікаў трапілі ў шпіталь пры адсутнасці аховы. Адзін прыкінуўся хворым. Зламыснікі выкралі са шпіталя двух чалавек – польку і мексіканца. Мексіканца адпусцілі. Польку вызвалілі пасля перастрэлкі паміж сілавікамі Чада і яе выкрадальнікамі.

IAR/нг