Міністр сельскай гаспадаркі Чэслаў Сякерскі (Czesław Siekierski) паведаміў, што заўтра ў Бруселі падчас сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі краін Eўрасаюза ён прадставіць патрабаванні пратэстуючых польскіх фермераў, а ў чацвер працягнуцца перамовы з самімі аграрыямі.
Міністр Сякерскі падкрэсліў, што, на думку фермераў, праграма «Зялёнага ладу» парушае іх прафесійную годнасць, таму што, як ён сказаў, фермеры ведаюць, як вырабляць ежу і клапаціцца пра навакольнае асяроддзе і дабрабыт жывёлы.
Міністр дадаў, што фермеры не хочуць, каб іх адміністрацыйна інструктавалі і абцяжарвалі выдаткамі «Зялёнага ладу».
Чэслаў Сякерскі паведаміў, што заўтра ў Бруселі ён будзе патрабаваць абмежавання экалагічнай палітыкі ЕС і выдзялення фінансавай падтрымкі фермерам. Ён таксама казаў пра неабходнасць новага падыходу ЕС да гандлю з Украінай – неабходна пачаць перамовы з Кіевам і ўвесці абмежаванні для абароны рынку і сельскагаспадарчай вытворчасці ўнутры Супольнасці.
Міністр падкрэсліў, што фермеры хочуць падтрымліваць Украіну, але не такім чынам, каб пашкодзіць цэнам на сельгаспрадукцыю ў Польшчы і ва ўсім Еўрасаюзе. Міністр сельскай гаспадаркі не згодны на далейшую лібералізацыю гандлю з Украінай. Ён таксама лічыць, што патрабаванні ЕС да іх сельскай гаспадаркі трэба прад'явіць украінцам як мага хутчэй.
яс