Беларуская Служба

МУС вызначыць аб'ём сумесных дзеянняў па спыненні нелегальнай міграцыі на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй

02.07.2025 11:19
Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочэк у сераду абвясціў пра сустрэчу з міністрамі ўнутраных спраў Літвы і Латвіі. Ён хоча вызначыць аб'ём сумесных дзеянняў па спыненні нелегальнай міграцыі на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй.
Памежная службаStraż Graniczna/TT

У эфіры радыё Tok FM намеснік міністра запэўніў, што абмеркаванне неабходнасці сумесных дзеянняў з латышамі і літоўцамі ўжо вялося ў сярэдзіне чэрвеня гэтага года. Ён ацаніў, што Літва і Латвія поўныя рашучасці спыніць нелегальную міграцыю на сваіх межах з Беларуссю.

«Аднак, як бачыце, нашы намаганні прывялі да таго, што ў цяперашні час яны маюць (...) у некалькі разоў большы міграцыйны ціск, і мы будзем думаць аб сумесным вырашэнні гэтага пытання», — сказаў намеснік міністра. «Мы сапраўды спыняем гэтую нелегальную міграцыю з Беларусі», — дадаў ён.

У сваю чаргу, намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык падкрэсліў у эфіры Polsat News, што міністэрства ўжо 12 дзён працуе над пакетам рашэнняў адносна памежнага кантролю. Ён адзначыў, што гэта вельмі складаная аперацыя. «Гаворка ідзе пра закрыццё міграцыйнага шляху, транзітнага шляху, які нядаўна быў створаны для нас з Літвы, Латвіі праз Польшчу ў Германію, углыб Еўропы», — сказаў намеснік міністра.

Ён нагадаў, што ў апошнія тыдні Германія пацвердзіла, што памежны кантроль на яе баку, які плануецца да верасня, будзе падоўжаны. «Рашэнне абсалютна рацыянальнае і не мае ніякай сувязі з тым, што адбывалася ў апошнія дні непасрэдна на мяжы», — адзначыў Душчык.

Адначасова ён абвергнуў, што колькасць мігрантаў, якіх нямецкі бок адпраўляе назад у Польшчу, рэзка павялічылася ў апошнія месяцы. «Мы маем справу з сітуацыяй, калі колькасць мігрантаў, якіх адпраўляюць назад з Германіі ў Польшчу, меншая, чым у 2023 і 2024 гадах», — сказаў ён.

Ён растлумачыў, што «профіль мігрантаў змяніўся», бо да гэтага часу было так, што калі хтосьці ўязджаў на тэрыторыю Германіі і, напрыклад, прасіў абароны, гэтая працэдура ініцыявалася. «Аднак у апошнія тыдні яны гэтага не рабілі», — дадаў намеснік міністра.

Як ён адзначыў, мігрантаў вяртаюць, калі немцы ведаюць, што Польшча была першай краінай прыбыцця. «Вядома, калі мы дакажам, што гэтыя людзі праехалі праз Літву, мы вяртаем іх у Літву», — сказаў Душчык. Ён паведаміў, што такая сітуацыя закранула 241 чалавека з пачатку года.

«Мы будзем кантраляваць, хто ў канчатковым выніку ўязджае, але мы не пагодзімся на тое, каб якія-небудзь людзі былі вернутыя ў Польшчу без пацверджання таго, што яны прыбылі праз Польшчу і што Польшча нясе якую-небудзь адказнасць за іх далейшы лёс», — падкрэсліў намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

У аўторак прэм'ер-міністр Дональд Туск абвясціў, што Польшча аднаўляе часовы памежны кантроль з Германіяй і Літвой з панядзелка, 7 ліпеня. «Да таго часу адпаведным службам, у тым ліку ў першую чаргу Памежнай службе, дадзена загад падрыхтаваць аперацыю лагістычна», — сказаў Туск.

Кіраўнік урада растлумачыў, што ўвядзенне часовага кантролю неабходна для таго, каб звесці да мінімуму некантраляваныя патокі мігрантаў.

ав