Амерыканцы пачалі аперацыю супраць Ірана, каб аслабіць Кітай, а Расія аказалася ў выйгрышы, мяркуе польскі дывізіённы генерал (генерал-лейтэнант – рэд.), доктар вайсковых навук Багуслаў Пацэк.
У эфіры Польскага радыё дырэктар Музея Войска Польскага і выкладчык Пажарнай акадэміі заявіў, што напад на Іран — гэта наступны крок, пасля Венесуэлы, накіраваны супраць Кітая.
— Іран пастаўляе 12-13% нафты, якую Кітай закупляе за мяжой, што зʼяўляецца значнай колькасцю. Ён прадае яе па цэнах ніжэйшых за тыя, якія Расія прапаноўвала Кітаю і Індыі, па вельмі выгадных цэнах. Такім чынам, для Кітая — гэта відавочная выгада. Нарэшце, Іран — гэта краіна, дзякуючы якой Кітай рэалізуе сваю палітыку на Блізкім Усходзе і робіць усё больш смелыя крокі.
Генерал Пацэк дадаў, што блакада Армузскага праліва, ключавога маршруту для транспарціроўкі нафты, умацоўвае пазіцыі Расіі як пастаўшчыка гэтай сыравіны.
Польскі генерал мяркуе, што канфлікт можа мець негатыўныя наступствы для ўсяго свету. На яго думку, найбольш сурʼёзнымі пагрозамі зʼяўляюцца павелічэнне міграцыі, эканамічная рэцэсія і тэрарызм.
вс