25 сакавіка беларусы па ўсім свеце адзначаць 108-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У Польшчы, дзе цяпер жыве не менш як 300 тысяч беларусаў, плануюцца дзясяткі разнастайных мерапрыемстваў: ад мастацкіх выстаў і грамадскіх дыскусій да традыцыйных шэсцяў па цэнтральных вуліцах гарадоў. Усё гэта дзеля таго, каб сабраць беларусаў разам, ушанаваць спадчыну БНР і выказаць еднасць у складаныя часы.
Сёлета святкаванне Дня Волі ў Польшчы адзначыцца, сярод іншага, і манументальнай падзеяй: 21 сакавіка ў Гданьску на Гарнізонных могілках урачыста адкрыюць Крыж змагарам за вольную і незалежную Беларусь. Пра гэта распавядае намеснік старшыні Таварыства «Хатка» Раман Шчэрбаў.
Маштабнае шэсце да Дня Волі плануецца і ў польскай сталіцы. Васіль Плешкуноў з суполкі «Акцыі. Беларусы ў Варшаве» заклікае неабыякавых беларусаў далучыцца да суарганізацыі гэтага мерапрыемства, запланаванага на 28 сакавіка.
Дзень Волі — гэта не толькі пра грамадскі актывізм, але і пра высокую беларускую культуру. У Беластоку адбудзецца ўрачысты канцэрт «Жыве Беларусь! Учора. Сёння. Заўтра», які арганізуе Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Пра падзею распавядае дырэктарка ўстановы Ілона Карпюк.
Спадарыня Наталля, адна з арганізатарак святкавання Дня Волі ва Уроцлаве, сталіцы Ніжняй Сілезіі, звяртае ўвагу на тое, што нацыянальнае свята — гэта выдатная нагода для гуртавання суайчыннікаў на чужыне. У горадзе запланаваны, у тым ліку, выставы і Перфарматыўныя чытанні тэкстаў беларускіх аўтарак і аўтараў у межах праекта «Тэатр на фактах».
Слухайце аўдыё!
эж