Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы зʼявіцца Еўрапейскі ідэнтыфікацыйны кашалёк

17.11.2026 14:35
Еўрапейскі лічбавы ідэнтыфікацыйны кашалёк (EUDI Wallet) дазволіць грамадзянам захоўваць электронныя дакументы, пацвярджаць сваю асобу і карыстацца дзяржаўнымі і прыватнымі паслугамі па ўсім Еўрапейскім Саюзе.
-        -
Прэм'ер-міністр Дональд Туск на пасяджэнні ўрада ў Канцылярыі прэм'ер-міністра ў ВаршавеPAP/Radek Pietruszka

Новы інструмент далучыцца да ўрадавага прыкладання mObywatel у канцы года. Яго ўкараненне патрабуецца рэгламентам ЕС, які ўстанаўлівае еўрапейскія стандарты бяспекі.

Прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск падкрэсліў падчас прэс-канферэнцыі пасля пасяджэння ўрада, што еўрапейскі кашалёк зʼяўляецца адказам на патрэбы лічбавага свету.

— Па ўсім Еўрапейскім Саюзе можна будзе пацвердзіць сваю асобу для набыцця лекаў па польскім рэцэпце. Можна будзе пацвердзіць сваю асобу на памежным кантролі, гэта значыць, у нас будзе лічбавы эквівалент пашпарта. Можна будзе апрацоўваць лічбавыя пасадачныя талоны, рэгістравацца і браніраваць. Можна будзе пацвердзіць уласнасць на транспартны сродак, а таксама бяспечна аўтарызаваць транзакцыі ў Еўрапейскім Саюзе.

Кіраўнік польскага ўраду дадаў, што новы інструмент значна спрасціць працэдуры пры падарожжах у межах Еўрапейскага Саюзу.

— Гэта будзе азначаць магчымасць хутка і бяспечна карыстацца даступнымі паслугамі на публічных рэестрах у Еўрапейскім Саюзе. Можна будзе лёгка і зручна адкрыць банкаўскі рахунак у Еўрапейскім Саюзе. У межах Еўрапейскага Саюзу можна будзе актываваць SIM-карты. Можна будзе пацвердзіць асобу і правы кіроўцы. Таксама можна будзе прадставіць кваліфікаваны электронны подпіс, які будзе прызнавацца па ўсім Еўрапейскім Саюзе.

Дональд Туск таксама адзначыў, што еўрапейскі кашалёк з часам павысіць бяспеку дзяцей у інтэрнэце:

— Што асабіста для мяне вельмі важна, дык гэта тое, што ў выніку мы зможам значна больш эфектыўна абараняць дзяцей ад злачынстваў у Інтэрнэце. Дзякуючы электроннай ідэнтыфікацыі таксама можна будзе хутка і лёгка вызначыць узрост карыстальніка. Такім чынам, у будучыні, не заўтра, а ў бліжэйшай будучыні, гэта таксама дасць нам магчымасць кантраляваць сферу, якая сёння цалкам беспакараная, некантралюемая і падвяргае нашых дзяцей, маладых палякаў, велізарным рызыкам і пагрозам.

Згодна з прынятымі прапраўкамі, кашалёк павінен стаць даступным да канца 2026 года ў краінах Еўрапейскага Саюзу.

ПР/юл