У Сейм Польшчы паступіў законапраект бюджэту на будучы год. Ён прадугледжвае, што даходы і выдаткі будуць ураўнаважаныя і дасягнуць больш за 435 мільярдаў злотых (103 млрд еўра).
Дэпутат «Права і справядлівасці» Томаш Жымкоўскі кажа, што бюджэт будучага году будзе гістарычным:
- Упершыню за апошнія 30 гадоў урад падрыхтаваў законапраект бюджэту, дзе даходы роўныя з выдаткамі. Як у кожнай добрай хатняй гаспадарцы мы выдаем столькі, колькі маем. Гэта вельмі важна, бо мы радыкальным чынам змяншаем дзяржаўны доўг. Мы не бярэм новыя пазыкі, а сплачваем даўгі, якія маем. Гэта паказвае, у якім добрым стане знаходзяцца публічныя фінансы, у якой форме знаходзіцца польская гаспадарка.
На даходы ў бюджэце наступнага году будуць мець уплыў найперш гаспадарчы рост, прагназаваны на ўзроўні 3,7% ВУП, а таксама далейшая герметызацыя падатковай сістэмы. Праект прадугледжвае таксама выплату прыбытку з Нацыянальнага банку Польшчы ў памеры каля 7 млрд злотых (1,6 млрд еўра). У прагнозах даходаў пад увагу таксама ўзяты рост акцызаў на алкаголь і тытунёвыя вырабы, льготы для пачынаючых ІП.
У бюджэтныя выдаткі ўключаная рэалізацыя сацыяльных праграм: Сям'я 500+, Добры старт і выплаты 13-ых пенсій.
Праект бюджэту на 2020 год будзе разгледжаны Сеймам на бліжэйшым паседжанні, запланаваным 8 і 9 студзеня.
ав