З сённяшняга дня пачынае працу кругласутачны тэлефон даверу абаронцы правоў дзяцей. Гэта бясплатная псіхалагічная дапамога для дзяцей і моладзі. Згодна даследаванням, кожны другі падлетак у Польшчы стаў ахвярай гвалту з боку равеснікаў, кожны шосты наносіць сабе раны, а 7% прызнаецца, што здзейснілі спробу суіцыду.
Па словах абаронцы правоў дзяцей Мікалая Паўляка, цяпер кожны непаўналетні зможа атрымаць дапамогу, пазваніўшы па тэлефоне ў кожны час сутак.
- Цяпер, у час пандэміі, павялічваецца маштаб хэйту ў інтэрнэце, розных формаў дыскрымінацыі, а часам і гвалту з боку равеснікаў. Дзяцей часта не разумеюць /дарослыя/, а праблемы ў гэты час нарастаюць лавінаю. Я прыняў рашэнне, што дзіцячы тэлефон даверу будзе працаваць круглыя суткі. Дзеці змогуць скарыстацца дапамогай спецыялістаў – псіхолагаў, юрыстаў, і проста пагаварыць, бо дзецям гэта неабходна.
Акрамя тэлефоннай лініі, пачаў працаваць таксама кругласутачны чат. Тэлефон даверу для дзяцей быў створаны ў 2008 годзе, раней ён працаваў у рабочыя дні, а пасля гадзін працы можна было пакінуць інфармацыю, на якую эксперты адказвалі пазней.
нг