Ваеннае становішча здушыла незалежніцкія і дэмакратычныя імкненні палякаў, нагадваюць гісторыкі ў 39-ю гадавіну ўвядзення ў Польшчы ваеннага становішча.
Ноччу з 12 на 13 снежня 1981 года, камуністычныя ўлады ПНР на чале з генералам Войцехам Ярузэльскім увялі ў краіне ваеннае становішча. Яго мэтай была ліквідацыя грамадскіх пратэстаў і спыненне дэмакратычных працэсаў, распачатых у жніўні 1980 года. Афіцыйнай прычынай такога рашэння стала пагаршэнне эканамічнага становішча краіны і пагроза дзяржаўным структурам.
Ваеннае становішча было перш за ўсё ўдарам па руху „Салідарнасць” лічыць гісторык з Інстытуту нацыянальнай памяці Тадэвуш Рузікоўскі (Tadeusz Ruzikowski):
- Гэта быў адказ камуністычных уладаў на ўзнікненне і дзейнасць „Салідарнасці” , якая стала пагрозай для тагачасных уладаў. Гэта было жорсткае заканчэнне легальнай дзейнасці руху.
Камуністычныя ўлады вывялі на вуліцы танкі, бронетранспарцёры, тысячы міліцыянтаў.
Кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык (Jan Józef Kasprzyk) падкрэслівае, што ваеннае становішча аказала вялікі ўплыў на палякаў:
- Апошняя спроба камуністаў застацца пры ўладзе была тым больш балючая, што яны спрабавалі здушыць у грамадстве найважнейшыя рэчы, то бок духа і надзею.
Ваеннае становішча працягвалася ў Польшчы 586 дзён. У гэтым часе, паводле розных ацэнак, загінулі ад 50-100 чалавек. Інтэрнаваныя былі больш за 10 тысяч актывістаў „Салідарнасці”.
Улады прыпынілі публікацыю амаль усёй прэсы. Мілітарызавалі радыё, тэлебачанне і буйныя прадпрыемстваў. Забараняліся забастоўкі і масавыя акцыі пратэсту, а тыя якія адбываліся былі жорстка здушаныя арміяй і міліцыяй. 16 снежня падчас мірнага пратэсту на шахце „Вуек” былі забітыя 9 шахцёраў, а больш за 20 іншых паранена.
аз